Серыйны злодзей залез у дом, выпіў, закусіў і паляжаў на канапе. Яго знайшлі па паху
Мужчына, каб адпачыць у чужым доме, нават надзеў на падушкі свежыя навалачкі. Яны і дапамаглі яго злавіць.

У лістападзе 2024 года невядомы залез у дачны дом у пасёлку Жардзянскі Светлагорскага раёна, калі гаспадароў там не было. У чужым доме ён знайшоў алкаголь і прадукты. Мужчына выпіў, закусіў, паклаў посуд у ваду, а потым вырашыў адпачыць. Ён надзеў чыстыя навалачкі на падушкі, паляжаў на канапе, а потым пайшоў.
Неўзабаве гаспадары даведаліся, што ў іх дачу нехта ўламаўся, і выклікалі міліцыю. Разам з сілавікамі прыехалі эксперты. Яны заўважылі, што навалачкі нечым пахнуць.

На навалачках правялі адаралагічную, то-бок пахавую, экспертызу. Па яе выніках на адной з іх выявілі пахавы след чалавека, расказалі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.
У ходзе расследавання міліцыянеры выйшлі на чалавека, які мог быць датычны да серыі крадзяжоў. Ім аказаўся раней судзімы бяздомны.
У мужчыны ўзялі ўзоры для адаралагічнай экспертызы, якая паказала, што пахавы след, знойдзены на навалачцы, належыць менавіта падазраванаму. Як высветлілася, затрыманы быў датычны яшчэ да васьмі злачынстваў у Гомельскай вобласці.
Каментары