Свет22

Як расійскія сілавікі і прапагандысты могуць атрымліваць пашпарты еўрапейскіх краін

Днямі стала вядома, што набліжаныя да Крамля расейцы партыямі атрымлівалі грамадзянства Сербіі, пачынаючы з 2022 года. Пашпарт гэтай еўрапейскай краіны дазваляе ягоным уласнікам вольна перамяшчацца па ЕС.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Улады Сербіі з 2022 года па красавік 2025-га прынялі ў грамадзянства краіны 204 грамадзян Расіі. «Важные истории» даведаліся, што сярод іх шмат людзей, блізкіх да Крамля. 

Усе яны атрымалі сербскія пашпарты нібыта за асаблівыя заслугі перад сербскай дзяржавай. Для атрымання грамадзянства такім чынам не абавязкова мець сербскія карані ці пражываць у краіне пэўны час. Галоўная ўмова — каб Сербія прызнала, што вы «заслугоўваеце» стаць яе грамадзянінам. 

Даследчык карупцыі і кіраўнік НКА «Арктыда» Ілля Шуманаў мяркуе, што такая масавая выдача пашпартоў расейцам, звязаным з Крамлём і абароннай прамысловасцю, магла быць часткай палітычных дамоўленасцяў двух урадаў. У такім сцэнары ўрад Сербіі можа атрымаць ад Масквы інструменты кантролю ва ўмовах масавых антыўрадавых пратэстаў, якія не спыняюцца ў краіне з пачатку 2024 года, кажа Шуманаў у каментары «Важным историям».

Менавіта падчас пратэстаў адбыўся ўсплёск выдачы пашпартоў Сербіі расейцам. 

«Думаю, гаворка таксама ідзе пра нефармальную фінансавую падтрымку, выдачу пазык і крэдытаў, якія пойдуць на падтрыманне рэжыму. Плюс вельмі выгадныя кантракты з расійскімі кампаніямі. Прыцягненне расійскіх інвестыцый — гэта адзін з самых галоўных крукоў, на якія можна падвесіць улады Сербіі. Там прысутнічае палітычная турбулентнасць. І Расія, напрыклад, можа даць інструменты па маніторынгу сацыяльных сетак. Усе аўтарытарныя практыкі, якімі Расія магла б падзяліцца, у Сербіі вельмі будуць запатрабаваныя», — разважае Шуманаў.

Купіць пашпарт за 120 тысяч еўра

Але атрымаць грамадзянства Сербіі «за асаблівыя заслугі» могуць і шараговыя грамадзяне Расіі, Беларусі ці якой-небудзь іншай краіны — трэба толькі заплаціць.

У Расіі, Малдове і Украіне хапае фірм, якія за пэўную суму грошай дапамагаюць знайсці падставы для атрымання грамадзянства той ці іншай краіны. 

У выпадку з Сербіяй адна з такіх кампаній прапануе атрымаць пашпарт «за асаблівыя заслугі перад дзяржавай» за 120 тысяч еўра.

Падобныя паслугі прапануюць і па Босніі і Герцагавіне — за 130 тысяч еўра. 

Пасярэднікі абяцаюць, што цягам 6-12 месяцаў заяўнік гарантавана атрымае пашпарт.

За колькі прадаюць пашпарт ЕС

За большыя грошы могуць прапанаваць паслугі па атрыманні грамадзянства некаторых краін, якія ўваходзяць у ЕС. Але тэрміны, як правіла, будуць больш працяглымі, бо даводзіцца прытрымлівацца фармальнасцей.

Напрыклад, у выпадку з Польшчай фірмы прапануюць два варыянты атрымання пашпарта.

Першы — на падставе рэпатрыяцыі. Дзеянне праграмы распаўсюджваецца на палякаў-эмігрантаў, а таксама іх нашчадкаў да трэцяга пакалення, якія на 1 студзеня 2001 года пражывалі на тэрыторыі азіяцкіх рэгіёнаў былога СССР, у тым ліку і Расійскай Федэрацыі.

Кошт паслугі — 250 тысяч еўра. Памагатары абяцаюць, што пашпарт у вас будзе праз год.

Ілюстрацыйны здымак. Фот: «Наша Ніва»

Другі варыянт каштуе 150 тысяч еўра. Там асноўная задача памагатараў будзе ў тым, каб раздабыць вам дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць у вас польскіх каранёў. Ці ёсць такія карані насамрэч, для фірм не мае значэння.

Тэрмін атрымання грамадзянства ў такім выпадку 2,5-3 гады.

Грамадзянства Румыніі нелегальныя агенцтвы прапануюць усяго за 30 тысяч еўра. Яны абяцаюць прааналізаваць сямейнае дрэва і знайсці сваяка, пра якога захавалася менш за ўсё інфармацыі. Далей яны робяць запыт аб аднаўленні даных, у адказе на які будуць пазначаны патрэбныя тэрыторыі. Напрыклад, для грамадзянства Румыніі знойдуць прыналежнасць вашых продкаў да Малдовы альбо Чарнавіцкай ці Адэскай вобласці Украіны. Такі «адноўлены» дакумент і будзе галоўнай падставай для таго, каб атрымаць румынскае грамадзянства, абяцаюць у агенцтвах.

Пераправерыць інфармацыю аб рэальным паходжанні вашых продкаў, па словах кантор, ніхто не можа, паколькі такой краіны, як СССР, ужо даўно не існуе. Роўна як і няма агульных баз даных.

Такі спосаб знаходжання румынскіх каранёў прадстаўнікі падобнага роду бізнэсу называюць «афіцыйным запаўненнем прабелаў у гісторыі».

Многія з падобных агенцтваў маюць офісы ва Украіне і Расіі, радзей — у Беларусі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Варта дадаць: побач з рэальнымі праграмамі, дзе пашпарт абыходзіцца ў сотні тысяч еўра, інтэрнэт забіты аб’явамі, што абяцаюць грамадзянства ЕС усяго за некалькі тысяч. За гэтым стаяць звычайныя махляры, якія падманваюць ужо не дзяржавы, а наіўных людзей, гатовых паверыць, што еўрапейскі пашпарт можна купіць па цане топавага смартфона.

Адметна, што да 2023 года краінай, якая таксама выдавала грамадзянства расіянам, напрыклад, за інвестыцыі ці за беззваротны ўзнос у дзяржфонд 100 тысяч еўра, была Чарнагорыя. Грамадзянкай гэтай краіны, як нядаўна высветлілася, з’яўляецца расійская прапагандыстка Кацярына Андрэева. Але, у адрозненне ад Сербіі і Босніі і Герцагавіны, гэтая балканская краіна прыслухалася да парад з боку ЕС і скасавала такую праграму.

Каментары2

  • Лёлік з-пад Лімасола
    18.04.2025
    Спадзяюся еўрапейскія кіраўнікі звярнуць на гэту інфармацыю ўвагу, а, можа, шпіёнскія гульні ўжо пачаліся
  • Буря в стакане.
    18.04.2025
    Статья из пальца. Каждая европейская страна(может кроме ватикана) дает гражданство по корням и чего то не видно толп олигарахов, пропогандонов и прочих с польскими или румынскмими паспортами, зато там, где за ок. 100-200 и болеее тысяч можно официально за "инвестиции" паспорт или пмж - пруд пруди - Кипр, Мальта, Испания(пмж). Кстати многие стали эту лавочку прикрывать с 2022 года, поэтому и остются Черногория или Сербия(которые пока что не в ЕС).

Цяпер чытаюць

У Полк Каліноўскага на тыдзень пралез міліцэйскі стукач. Цяпер яго выкрылі, і добра відаць, хто спрабуе абяліць агента10

У Полк Каліноўскага на тыдзень пралез міліцэйскі стукач. Цяпер яго выкрылі, і добра відаць, хто спрабуе абяліць агента

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр Фёдар Жыляк

Трамп: ЗША адмовяцца ад удзелу ў перамовах, калі Расія ці Украіна сарвуць здзелку14

Сілавікі злавілі 20-гадовую мінчанку, якая вяла эратычныя стрымы з прымерачных у крамах20

На Камароўцы перад Вялікаднем гандлююць шалупіннем ад цыбулі ФОТАФАКТ6

У цэнтры Мінска кіроўца збіў на «зебры» раварыста ВІДЭА8

Бачыш зайчаня? Не падбірай!1

Як расійскія сілавікі і прапагандысты могуць атрымліваць пашпарты еўрапейскіх краін2

У мінскім метро памяняўся механізм аплаты за праезд

У сваім «мірным плане» ЗША прапануюць аслабіць санкцыі супраць Расіі і пакінуць акупаваныя тэрыторыі Маскве11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Полк Каліноўскага на тыдзень пралез міліцэйскі стукач. Цяпер яго выкрылі, і добра відаць, хто спрабуе абяліць агента10

У Полк Каліноўскага на тыдзень пралез міліцэйскі стукач. Цяпер яго выкрылі, і добра відаць, хто спрабуе абяліць агента

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць