Парламент Сербіі зацвердзіў склад новага ўрада, сфармаванага новым прэм'ер-міністрам — доктарам-эндакрынолагам Джура Мацутам. Нягледзячы на раней агучаныя прэзідэнтам Аляксандрам Вучычам абяцанні маштабных кадравых перамен, структура кабінета абнавілася нязначна — большасць міністраў захавалі свае пасады. Аднак ключавой падзеяй стала выключэнне з урада віцэ-прэм'ера Аляксандра Вуліна, аднаго з самых прыкметных прарасійскіх палітыкаў краіны, піша The Moscow Times.

У канцы сакавіка еўракамісарка па пытаннях пашырэння ЕС Марта Кос адкрыта звярнулася да кіраўніцтва Сербіі з заклікам не ўключаць Вуліна ў новы склад урада.
«Спадзяюся, спадара Вуліна не будзе ў новым урадзе, бо той, хто паводзіць сябе антыеўрапейска, не можа весці Сербію ў ЕС», — заявіла яна.
Падставай для гэтых слоў стала інтэрв'ю Вуліна расійскаму дзяржагенцтву «РІА Навіны», у якім ён выказаў падзяку расійскім спецслужбам за дапамогу сербскім уладам у падаўленні студэнцкіх пратэстаў.
Аляксандр Вулін уваходзіў у склад сербскага ўрада на працягу больш за дзесяць гадоў — з 2013 года. Ён займаў пасады міністра абароны, міністра ўнутраных спраў, а таксама ўзначальваў Агенцтва бяспекі і інфармацыі — галоўную спецслужбу краіны.
Вядомы сваёй жорсткай антыеўрапейскай і дэманстратыўна прарасійскай рыторыкай, Вулін неаднаразова наведваў Маскву і публічна выказваў падтрымку Крамлю. У 2022 годзе ён быў унесены ў санкцыйны спіс ЗША паводле абвінавачванняў у карупцыі, удзеле ў міжнародным наркагандлі і садзейнічанні «шкоднай дзейнасці Расіі на Балканах».
Вулін не раз выказваўся рэзка супраць інтэграцыі Сербіі ў Еўрапейскі Саюз, сцвярджаючы, што краіна «ніколі не стане сябрам ЕС», але можа далучыцца да аб'яднання БРІКС. Каментуючы пратэсты, якія ўспыхнулі пасля трагічнага абрынання бетоннага казырка на чыгуначным вакзале ў горадзе Нові-Сад, які забраў жыцці 16 чалавек, ён абвінаваціў Еўрасаюз у спробе дэстабілізаваць сітуацыю ў Сербіі.
На ягоную думку, Брусэль мае намер змясціць Аляксандра Вучыча з пасады прэзідэнта і прывесці да ўлады сілы, якія «гатовыя падзяліць каштоўнасці ЕС». Да гэтых «каштоўнасцяў» ён аднёс прызнанне незалежнасці Косава і ўвядзенне санкцый у дачыненні да Расіі.
Расіяне, набліжаныя да Крамля, сотнямі атрымліваюць сербскія пашпарты, якія даюць бязвіз у Еўрасаюз
Распавядаем, што за новую зброю ўжылі ў Сербіі для разгону пратэстаў. Яна ўжо ёсць у Расіі
Сербская апазіцыя абвінаваціла ўлады ў выкарыстанні забароненай гукавой зброі супраць пратэстоўцаў
Сербія адклікала свой голас у падтрымку рэзалюцыі Генасамблеі ААН з асуджэннем Расіі
Вучыч пракаментаваў 100-тысячны пратэст у Бялградзе
Каментары