«Сорамна за нашу медыцыну». Цяжарная беларуска абурылася просьбай радзільні
Беларуска паскардзілася ў сацсетках, што ёй загадалі прынесці на платныя роды цэлы набор з медычных тавараў.

Карыстальніца пад нікам tania_shpk апублікавала ў Threads пост пра спіс, які ёй уручылі ў радзільні, куды збіраецца жанчына. Хаця яна ідзе на платныя роды, ёй трэба прынесці з сабой нават простыя расходныя матэрыялы:
«Мне зрабілася сорамна за нашу медыцыну. Чаму я павінна ў радзільню купляць яшчэ катэтар і пластыр? Дзе бюджэт? Хочацца проста задаць гэтае пытанне вышэйшым адказным асобам, у вас павінна быць закуп на гэта ўсё.
І бінга, апошні пункт — я таксама павінна прынесці свой пакет для паследа. Добра, я акушэрка і ведаю памеры паследа, але нехта ж не ў курсе. Гэта ганьба. Добра, калі б я хацела асаблівы катэтар — ок, купляй. Гэта такія рэчы, на якія ну ўжо дакладна павінны быць бюджэт і якія заўсёды павінны быць у наяўнасці!»

Жанчына таксама апублікавала фота з тым самым спісам медычных тавараў, якія ёй трэба набыць на платныя роды. Акрамя халата і туалетнай паперы, беларуска мусіць прынесці з сабой аднаразовы станок для галення і аднаразовыя пялёнкі, а таксама павязку-пластыр для кесаравага сячэння, зялёны ўнутрывенны катэтар і нават павязку-пластыр пад катэтар. Яшчэ жанчыну просяць узяць з сабой кубак і пакет для паследа.
У каментарах беларуска ўдакладняе, што гэта дзеецца ў Баранавічах. Яна дапускае, што калі прыйдзе заключаць пагадненне датычна платных родаў, нешта зменіцца і кошт расходнікаў усё ж будзе ўключаны ў агульны кошт родаў.
Іншыя карыстальнікі згадалі свае прыклады з беларускай медыцыны.
«Я памятаю, што ляжала ў бальніцы ў 2015 годзе. Мінск. Папрасілі прывезці бінты, вату, таблеткі. Мне бацькі прыносілі дарагія нямецкія прэпараты (дзядуля дасылаў). У іх нават не было зялёнкі, мне асабіста старэйшая медсястра паказвала пустыя паліцы. Неяк так. І яшчэ кроў з пальца бралі барысаўскімі каламі (жэсць, я дагэтуль уздрыгваю)».
«Нараджала ў 2018 і 2022 гадах у Гомелі. Здаецца, пластыр для кесарава дзяўчаты куплялі (у мяне натуральныя роды), але пакеты для паследа і катэтар дакладна не былі ў спісе».
«Мне не спадабалася, што з мяне ўзялі грошы за адзенне для родаў, маўляў, сарочка і нешта там яшчэ. Прынеслі проста паперку на аплату пасля родаў, а па факце нічога не выдалі. Цяпер, канечне, пагутарыла б з імі, але тады было не да таго. Брэст».
«Адзінае, што са свайго аддавала — гэта падгузнікі ў дзіцячае аддзяленне на замену тым, што выкарыстоўвалі для дзіцяці, пакуль я ў палаце назірання ляжала. Але гэта цалкам можна зразумець і не шкада».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары