«Чалавек, заняты любімай справай, не старэе». Беларус робіць у Польшчы рыцарскія даспехі па 15 тысяч еўра
Калі Максіму Ізобаву было пяць гадоў, ён трапіў з татам у інфекцыйную бальніцу з дыягназам жаўтуха. Каб хоць неяк пацешыць сына, бацька маляваў яму рыцараў у даспехах. Здаецца, тады ніхто з іх не здагадваўся, што гэта вызначыць будучую прафесію хлопчыка. Цяпер Максім жыве ў польскім Шчэціне і працягвае справу, якой пачаў займацца яшчэ ў Беларусі, — стварае шэдэўры гістарычнай рэканструкцыі, піша Most.

Даспехі Максіма каштуюць ад 15 тысяч еўра і разыходзяцца па ўсім свеце — ад Еўропы і ЗША да Аўстраліі. На сваім ютуб-канале ён расказвае, як прыйшоў да такога хобі, а яшчэ пра тонкасці рамяства, цэны, кліентаў і пра тое, чаму быць рыцарам сёння — гэта не проста рамантыка, а лад жыцця.
Збройнік, або платнер
У большасці моў няма асобнай назвы для майстра, які робіць даспехі. Звычайна выкарыстоўваюць агульнае — збройнік. У нямецкай жа мове ёсць больш дакладнае слова — Plattner — што азначае менавіта майстар па даспехах. Гэты тэрмін, дарэчы, ёсць таксама і ў польскай мове, але не вельмі вядомы.
У сваіх работах Максім выкарыстоўвае розныя матэрыялы: металы, сталь, бронзу, латунь, скуру, дрэва, тканіну, натуральны аксаміт. А з інструментаў — кавадла, ціскі, малаткі, газавы разак, сумесь «прапан-кісларод», зажымы, а яшчэ патрэбныя зварачны апарат і печы.
«Увесь час раблю і дапрацоўваю новыя інструменты — без гэтага ніяк», — удакладняе майстар.

Пра тое, як прыйшоў да сваёй працы: Захварэў на жаўтуху — і захапіўся рыцарамі
Максім Ізобаў кажа, што прыйшоў да такога хобі не ў адзін момант. Хутчэй гэта была «сукупнасць абставін».
«Я нарадзіўся ў сям'і мастакоў: бацька — вядомы гродзенскі мастак, мама — выкладчыцы выяўленчага мастацтва.
У дзяцінстве мы з бацькам трапілі ў бальніцу з жаўтухай, цацак не было — толькі папера, туш і пяро. Ён маляваў мне рыцараў у даспехах — я сядзеў і глядзеў, як ён гэта робіць. Для мяне гэта было як мульцік», — успамінае Максім. —
Была яшчэ ў сямейнай бібліятэцы кніга «Асновы мастацкай апрацоўкі металаў». Я да гэтага часу магу даволі блізка да тэксту цытаваць яе фрагменты. З 8-мі гадоў чытаў яе як раман. Да гэтага часу памятаю, пры якой тэмпературы плавяцца свінец і волава…»
Максім адвучыўся на доктара. Хоць, прызнаецца, з такім захапленнем лагічней было стаць зваршчыкам.
«Але калі б пайшоў іншым шляхам, не сустрэў бы тых людзей, якія на мяне паўплывалі. І не атрымаў бы базу ведаў, якая спатрэбілася: анатомія, хімія, кінематыка, рух суставаў — усё гэта трэба ў маёй працы».
У 2002 годзе Максім Ізабаў выпадкова трапіў на фестываль у Наваградку — «і прапаў». Праз два гады стаў яго ўдзельнікам, а з 2018-га звольніўся з асноўнай працы, пасля чаго даспехі сталі яго галоўнай крыніцай даходу.

Вучыўся сам, назіраючы за работамі калег
Нягледзячы на тое, што свайму майстэрству беларус нідзе не вучыўся, у яго жыцці было шмат «віртуальных» настаўнікаў:
«Калі я пачаў займацца гэтым, інтэрнэт быў бедны, але я знайшоў польскі форум, пасля архіў Роберта Макферсана — аднаго з найстарэйшых рэканструктараў. Вялікі ўплыў аказаў ютуб-канал канадскага майстра Эрыка Дзюбе».
У 2022 годзе майстар пераехаў у Польшчу і працягнуў справу, распачатую ў Беларусі. Цяпер у яго ёсць невялікая майстэрня ў Шчэціне, арэндную плату за якую ён дзеліць з іншымі майстрамі.

Пра працу ў Польшчы: «Не выклікае такога здзіўлення, як у Беларусі»
У Польшчы да працы Максіма ставяцца інакш, чым у Беларусі: ніхто не здзіўляецца такому рамяству. Акрамя таго, тут больш папулярызаваная гісторыя. Шмат людзей наведваюць гістарычныя аб'екты, замкі, музеі.
«Нават калі я кажу, што раблю даспехі, гэта не выклікае такога здзіўлення, як у Беларусі. Вельмі шмат людзей у тэме. Яны ведаюць людзей, якія ўдзельнічаюць у рэканструкцыях нейкіх гістарычных падзей, калі не самі ўдзельнічаюць або ўдзельнічалі. Таму, у прынцыпе, рэспект і павага тут у гэтым плане. У Беларусі трошкі, скажам так, больш тухла…»
Дарэчы, з пераездам у Польшчу ні кліенцкая база, ні даходы майстра не змяніліся — апошнія пяць гадоў беларус працаваў на кліентаў з Заходняй Еўропы, ЗША і Аўстраліі.
У Польшчы ў майстра таксама ёсць свае заказчыкі, але, як правіла, працуе беларус з імі ў асноўным з цікаўнасці.
«Напрыклад, я супрацоўнічаю з майстрам, які робіць плеценыя шчыты XVI—XVII стагоддзяў у татарскім стылі. І для іх патрэбныя умбоны — цэнтральная місачка, даволі часам мудрагелістай формы. Калі яму трэба нешта мудрагелістае, тады ён ужо звяртаецца да мяне. Там грошы, адкрыта скажам, невялікія. Так проста, на інтарэс, з цікаўнасці. Камуналку можна заплаціць з гэтых грошай хіба што…»

Пра кліентаў і незвычайныя заказы: Пачала расці цікавасць з Кітая
Сярод кліентаў беларускага платнера — у асноўным рэканструктары і прыватныя калекцыянеры. Зрэдку майстар робіць нешта для музеяў. Напрыклад, для музея ў Вялікай Бераставіцы, гарадскога пасёлка ў Гродзенскай вобласці, Максім зрабіў даспех гусара. У французскім музеі таксама ёсць адзін шлем, зроблены яго рукамі.
У апошні час, кажа майстар, пачала расці цікавасць у Кітаі — там ёсць забяспечаныя людзі, якім падабаюцца еўрапейскія даспехі.
Самы незвычайны заказ, які давялося рабіць Максіму, — рыцарскае сядло.
«Для мяне не зусім звычайная праца. Гэта праца і з дрэвам, і са скурай. І вось гэтыя вось зняцці меркі са спіны каня, гэта значыць як бы і з ж*пы заказчыка, — гэта ўсё павінна супадаць».
А самы цікавы заказ для беларуса — гэта той, дзе ён можа перасягнуць самога сябе.
«Я не люблю простыя заказы, якія паўтараюцца. Мне патрэбен выклік — зрабіць нешта, дзе я магу перасягнуць сябе. Зараз вось — ільвіны шлем па ўзоры з Метраполітэн-музея ў Нью-Ёрку. [Гэта] сталёвы шлем, медная пазалочаная шкарлупіна, срэбраныя зубы, цёмна-зялёныя шкляныя вочы. Мы з ювелірам зрабілі гэта як вольны праект. Да гэтага часу не прададзены — па ходу, мы скокнулі вышэй за галаву».

Пра тэрміны і цану рыцарскіх даспехаў: Ад пяці месяцаў да года і параўнальна з коштам машыны з салона
Тэрміны выканання заказу залежаць ад яго складанасці. Мінімум на адзін даспех ідзе пяць месяцаў — калі ён без складаных дэкаратыўных элементаў.
«І да года, калі даспех з багатым аздабленнем траўленнем, залачэннем, мастацкім аздабленнем. Але галоўнае пытанне — не час, а кошт».
На пытанне, ці дорага быць сёння рыцарам, Максім адказвае, што дарагавата:
«Калі мы гаворым пра поўны камплект, 15 тысяч еўра — гэта мінімум. Гэта не заробак, а базавыя выдаткі. Калі я зарабляю менш, я проста іх не пакрываю. Напэўна, гэта параўнальна з купляй машыны з салона…»
Максім кажа, што працуе ў асноўным адзін. Раней дзяліўся руціннай працай з сябрамі. Але, па сутнасці, гэта заўсёды была яго асабістая справа.

Прыгожы даспех — функцыянальны
У майстра пацікавіліся, што важней у даспехах — прыгажосць ці практычнасць.
«Быў такі авіяканструктар у 30-я гады — Кёрціс, здаецца. Ён казаў: «Прыгожае добра лётае». Тое ж самае і з даспехамі. Прыгожы даспех — функцыянальны.
Я не кажу пра вычварныя, гратэскныя, парадныя даспехі, прызначаныя не для абароны, а для таго, каб асляпіць гледача. Даспехі каралёў, герцагаў і гэтак далей. Але нават яны могуць быць функцыянальнымі.
Складаныя элементы — тыя ж рэбры і сучляненні — яны функцыянальныя. Гэта ўзмацняе канструкцыю. Пласціна шлема — не проста сталь таўшчынёй два міліметра, а з высілкамі. Гэта робіць метал трывалейшым, галава ад гэтага — цалейшая.
Гатычныя даспехі, напрыклад, з рабрэннем — гэта не проста ўпрыгожванне, а павелічэнне трываласці пры той жа вазе. Ці нават меншай. Так што прыгажосць — гэта і ёсць функцыянальнасць. Гэта ў рухомасці дэталяў, у працы сучляненняў, ва ўзаемадзеянні элементаў.
Калі ўсё працуе ў комплексе — гэта і ёсць прыгажосць даспеха. Нават на манекене відаць: гэты даспех працуе, гэты меч будзе забіваць».
Любімая гістарычная эпоха майстра — гэта XV-XVI стагоддзі. Тады, на ягоную думку, даспехі дасягнулі дасканаласці.

Максім кажа, што быць майстрам даспехаў — гэта справа яго жыцця.
«Мне казалі: «Не рабі хобі працай — гэта стане руцінай». Але мне пакуль не надакучыла. Гэта мая панацэя, мой адказ на ўсё. Добры настрой? Выдатна — усё атрымаецца. Дэпрэсія? Праблемы? Ведаеш, што рабіць. Шукайце сэнсы. Жывіце, любіце, адчувайце, імкніцеся, марце, хапайцеся за немагчымае. Рабіцеся лепшымі. Чалавек, заняты любімай справай, не старэе, — упэўнены беларускі платнер.
Знойдзены ў беларускім архіве малюнак раскрывае таямніцу загадкавага мяча са старажытнага кургана
Рэнесансны шэдэўр з Гальшанаў набыў новы выгляд. Так ён мог выглядаць чатыры стагоддзі таму
Археолагі расказалі, ці ўдалося адшукаць на дне Бярэзіны скарб Напалеона
У Лідскім замку адкрылі інтэрактыўную залу, у якой экспанаты можна мацаць рукамі
Кіраўнік вядомай геймерскай кампаніі прыйшоў на ўручэнне прэміі The Game Awards у рыцарскіх даспехах
«Не трэба мяне хаваць з помпай, я ж не на вайну іду». Якія загадкі тояць тастаменты і эпітафіі часоў ВКЛ?
Каментары