Украінскія спецслужбы валодаюць інфармацыяй, што ў расійскім войску ваююць прынамсі 155 грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны, піша Расійская служба Радыё Свабода.

Паводле яго слоў, расійскія ўлады распаўсюджваюць праз сацсеткі рэкламныя відэа з заклікам падпісаць кантракт.
«Зразумелая схема, як іх вербуюць. Адна з іх — праз сацыяльныя сеткі, у прыватнасці TikTok і іншыя кітайскія платформы, дзе расіяне распаўсюджваюць рэкламныя ролікі. Афіцыйны Пекін пра гэта ведае», — сказаў Зяленскі.
Раней выданне «Украінская праўда» са спасылкай на аддзел камунікацый аператыўна-тактычнай групоўкі «Луганск» паведамляла пра сведчанні аднаго з затрыманых у Данецкай вобласці грамадзян Кітая. Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, мужчына распавёў, што пайшоў у расійскае войска дзеля атрымання расійскага грамадзянства. Падрыхтоўку ён праходзіў на акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласці. Паводле яго слоў, каб трапіць у армію РФ, ён заплаціў пасрэдніку ў Кітаі 300 тысяч расійскіх рублёў.
8 красавіка Зяленскі паведаміў пра ўзяцце ў палон у Данецкай вобласці некалькіх грамадзян КНР, якія ваявалі на баку Расіі. Ён даручыў міністру замежных спраў Андрэю Сібігу тэрмінова звязацца з Пекінам і высветліць, як Кітай мае намер рэагаваць на гэта.
МЗС Украіны выклікала часовага паверанага ў справах Кітая, каб атрымаць тлумачэнні.
Кітай, у сваю чаргу, заявіў, што не накіроўваў сваіх вайскоўцаў ваяваць ва Украіну на баку Расіі.
Каментары