Грамадства33

Як скласці радавод сваёй сям’і? Пакрокавая інструкцыя

Гісторыя роду — гэта не толькі даты і імёны. Пры правільным падыходзе кожны чалавек можа знайсці шмат цікавага пра сваіх продкаў. «Наша Ніва» склала пакрокавую інструкцыю аб тым, як збіраць інфармацыю з архіваў, сайтаў і сацыяльных сетак.

Другая сусветная вайна. Фота: Маркаў Грынберг Марк

Па парады мы звярнуліся да генеалога Касі (імя гераіні зменена). Яна не вучылася на гістарычным факультэце, але гэта не перашкодзіла ёй напісаць некалькі кніг па генеалогіі і дасканала вывучыць не толькі свой род, але і іншыя. Экспертка верыць, што кожны можа напісаць гісторыю сваёй сям’і не толькі праз сухія даты нараджэння і смерці. Аднак для гэтага трэба метадычна шукаць інфармацыю рознымі спосабамі.

Першы крок — скласці чарнавік дрэва і паразмаўляць са сваякамі

З самага пачатку генеалог раіць скласці дрэва роду так, як вы яго сабе прыблізна ўяўляеце. Ёсць шмат бясплатных сайтаў, праз якія гэта можна зрабіць, — у тым ліку ў фотарэдактары Canva.

Новая інфармацыя можа з’явіцца падчас размоў са сваякамі. Чым бліжэйшы чалавек, тым прасцей. Не трэба адразу ехаць да бабулі, калі жывяце разам з маці. Інтэрв’ю Кася раіць запісваць на дыктафон ці на відэа, бо бывае, што інфармацыя, якая зараз здаецца нецікавай, можа спатрэбіцца праз шмат гадоў.

«Напрыклад, зараз ты пытаешся толькі пра даты і імёны, а бабуля будзе расказваць гісторыю вёскі. Праз 10 гадоў ты пішаш кнігу ці часопіс [пра вёску], а інфармацыя ўжо страчана».

Жанчыны нясуць ходнікі і пеўня на базар каля Пінска

Разгаварыць чалавека, асабліва сталага ўзросту, можа быць складанай задачай. Кася кажа, што трэба адштурхоўвацца ад успамінаў. Напрыклад, не пытаць наўпрост пра год нараджэння прадзеда, а заходзіць праз ускосныя падзеі: колькі яму было, калі ён з вайны вярнуўся? А ці ён тады працаваў?

Трэба разглядаць разам альбомы з фотаздымкамі — за кадры можна зачапіцца і згадаць нейкую гісторыю.

Можа здарыцца, што з першага разу дыялог не пойдзе. Тады варта вяртацца ізноў, у іншыя дні. Калі гэта вёска, то ўспаміны можна сабраць і ад суседзяў. Да іх можна зайсці з падарункам, прапанаваць разам выпіць гарбаты.

Пошук у адкрытых анлайн-крыніцах

Важна не спыняцца на сямейных легендах, кажа Кася. Добры тон у генеалогіі — калі кожны факт пацверджаны дакументальна.

«Не верце фразам «мая бабка была габрэйка, бо валасы былі кучаравыя». Умоўна, трэба лічыць чалавека бацькам, калі так напісана ў пасведчанні аб нараджэнні».

Запыты па імёнах і прозвішчах варта ўводзіць і ў Google, і ў «Яндэкс» — яны даюць розныя вынікі. Інфармацыю пра ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны часцей знаходзяць на расійскіх парталах «Память народа» і «Подвиг народа». Калі аднойчы вы нічога там не знайшлі — гэта не прычына спыняць пошукі, бо базы часта абнаўляюцца, асабліва да 9 мая.

Па Беларусі працуе генеалагічны праект «Жніво».

Кася нават знаходзіла фотаздымкі людзей дзякуючы гэтым рэсурсам. У палі пошуку варта ўводзіць усе магчымыя даныя.

Таксама экспертка раіць некаторыя англамоўныя рэсурсы і прыкладанні для сістэматызацыі здабытай інфармацыі: MyHeritageancestry.comFamilySearch і MobileFamilyTree (апошні працуе толькі на iOS).

Запыты ў архівы

З пытаннем пра канкрэтнага чалавека ў архіў звычайна звяртаюцца праз форму на сайце — функцыю «біяграфічны запыт». Яе трэба запоўніць анлайн, на рускай або беларускай мове. Адказ прыходзіць на пошту ў выглядзе табліцы. Кошт паслугі ў Нацыянальным гістарычным архіве — 55 рублёў.

Цэны на сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва. Скрыншот: niab.by

Звяртацца могуць і тыя, хто не ў Беларусі. У такім выпадку трэба таксама анлайн запоўніць форму, але пазначыць адрас знаёмых у краіне. Яны змогуць сфатаграфаваць ліст з данымі.

Неабходна пазначыць перыяд, за які трэба шукаць інфармацыю, бо супрацоўнікі архіва не могуць праглядаць метрычныя кнігі за ўсе магчымыя гады.

Нават калі вам адкажуць, што даных няма, не варта спыняць пошукі.

«Нашы продкі не толькі нараджаліся, выходзілі замуж ці жаніліся і паміралі. Яны рабілі шмат чаго яшчэ: плацілі падаткі, працавалі, сварыліся, хадзілі ў суд. Трэба шукаць па лакацыях, цэрквах, прозвішчах у архіўных базах. Тады знойдзеце не толькі прозвішчы і даты, а і цікавыя факты».

Шукаць трэба па розных сельсаветах, цэрквах і касцёлах. Чалавек, які жыў каля царквы, насамрэч мог адносіцца да касцёла, што знаходзіўся далей. Таму важна правяраць усе месцы навокал. Прасцей гэта рабіць з дапамогай партала familio.org, дзе ёсць карта з населенымі пунктамі.

У архівах можна заказаць не толькі біяграфічны, але і генеалагічны запыт. Апошні будзе даражэйшы і даўжэйшы па тэрмінах. Кася раіць у такіх выпадках звяртацца да прафесійных генеалогаў — яны больш зацікаўлены ў якасці выніку.

Зварот у ЗАГС

Даныя пра продкаў у ЗАГСе можна знайсці, пачынаючы з 1917 года. Запыт можна зрабіць у любым ЗАГСе, а інфармацыю будуць шукаць па рэгіёне, дзе гэта патрэбна. Паслуга бясплатная.

Але, у адрозненне ад архіваў, тут трэба даказаць роднасныя сувязі з чалавекам, пра якога вы пытаецеся. І гэтыя сувязі павінны быць не далей як у два калены — то-бок, можна даведацца пра бабулю, але не пра прабабулю.

ЗАГС шукае інфармацыю ў межах сямі гадоў: калі чалавек нарадзіўся ў 1950 годзе — правераць яшчэ тры гады да і тры гады пасля.

Пошук ва ўніверсітэтах і месцах працы

Сярод нетрывіяльных месцаў для пошуку інфармацыі — ВНУ і месцы працы сваякоў. Перад тым як ісці ва ўніверсітэт, лепш патэлефанаваць — там падкажуць, куды звяртацца.

Кася кажа, што не заўсёды патрабуюць даказаць сваяцтва, каб паглядзець асабістую справу. Так яна знайшла аўтабіяграфію аднаго чалавека, якая захоўвалася ў яго папцы.

Калі чалавек вучыўся завочна, у асабістай справе можа быць пазначана месца працы — і туды таксама можна звярнуцца.

Супрацоўнікі ВНУ могуць здзівіцца такому запыту, бо ён для іх рэдкі. Але важна падкрэсліваць, што вам цікавая менавіта генеалогія і гісторыя канкрэтнага чалавека.

Форумы па генеалогіі і сацсеткі

Кася раіць знаёміцца з аднадумцамі. Аматары генеалогіі часта дзеляцца карыснымі рэсурсамі і сваімі знаходкамі.

Можна пісаць пра свае пошукі ў інстаграме ці фэйсбуку. Кася раіць нават завесці асобную старонку, дзе публікаваць дакументы і фотаздымкі. На іх можа адгукнуцца чалавек, які даследуе той самы рэгіён.

Генеалог заўважае, што сама публікуе інфармацыю толькі пра памерлых і ў скарочаным выглядзе. Так лягчэй захоўваць прыватнасць.

Калі ёсць фінансавая магчымасць, на платным партале radzima.net можна ўдзельнічаць у форуме: задаваць пытанні ці чытаць гісторыі іншых. Гадавая падпіска каштуе 29 рублёў.

Таксама можна пісаць людзям у сацсетках — асабліва калі прозвішча рэдкае.

Дадатковыя парады

Складанне радаводнага дрэва — працэс працяглы. Мае сэнс паказваць сям’і свае знаходкі паступова: напрыклад, стварыць сямейны чат для абмену інфармацыяй.

Не варта недаацэньваць бясплатныя рэсурсы. На іх можа спатрэбіцца пераглядзець сотні старонак метрычных кніг, але вынік таго варты.

Кася раіць весці дзённік сваіх генеалагічных пошукаў. То-бок спіс альбо табліцу ў Excel ці Notion, куды вы будзеце запісваць месца ці архіў, дакумент, даты, нататкі, наступныя крокі і іншае.

«Напачатку гэта можа падавацца непатрэбным, нібыта ты ўсё памятаеш. Але з часам ты забываеш, куды звярталася, што хацела пашукаць. Таму вельмі класна нейкім чынам гэта ўсё дакументаваць».

Карысна таксама шукаць кнігі пра раён або вёску, адкуль паходзяць вашыя продкі. Часам дакументы перавозілі за мяжу — і там таксама варта звяртацца ў архівы.

З арыгіналамі дакументаў трэба быць асцярожнымі. Кася раіць захоўваць іх у спецыяльных папяровых канвертах, а карыстацца копіямі.

Экспертка заклікае глыбей цікавіцца гісторыяй — народнымі строямі, песнямі. Яна расказвае, што аднойчы знайшла ў дзіцячым спеўніку песню з рэгіёну, адкуль паходзіць яе муж.

Праз генеалогію Кася адчувае падтрымку ад сваіх продкаў:

«Я напачатку і не задумвалася, што іду па падтрымку. Проста было цікава пачынаць. Хацелася ведаць, адкуль. У нас у сям’і розныя краіны — хацелася пацвердзіць, што гэта так. А зараз я адчуваю, што за мной стаіць такі род. Свет неяк дапамагае. Вельмі класна, калі разумееш, адкуль ты паходзіш».

Каментары3

  • Ярусь
    20.04.2025
    geneteka.genealodzy.pl
    гэта польскі сайт, але там шмат і па нашых беларускіх землях. Шукайце вашы прозвішчы у вашых парафіях, есць архівы нават з 17 ст
  • Колхозно0пролетарская инструкция
    20.04.2025
    5-10к долларов. Нищебродам не светит.
  • VIP
    20.04.2025
    Колхозно0пролетарская инструкция, Максим, а правда, что твоего отца зовут Дизайнер?

Цяпер чытаюць

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці3

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці

Усе навіны →
Усе навіны

Паглядзіце, як упрыгожаць Кастрычніцкую плошчу да 9 мая ФОТА24

У Кітаі прайшоў паўмарафон з удзелам робатаў і людзей. У людзей атрымалася лепш

Знакамітую крывую царкву ў Кажан-Гарадку рамантуюць сайдынгам і шлакаблокамі ФОТЫ9

Велікоднае перамір’е скончылася, Расія зноў запускае беспілотнікі і ракеты

Трамп: Спадзяюся, Расія і Украіна дасягнуць пагаднення на гэтым тыдні5

Галоўчанка паразважаў, чаму беларусы лічаць цэны ў далярах, а расейцы — не13

Зяленскі прапануе Расіі падоўжыць забарону на дальнабойныя ўдары на 30 дзён

Італьянец пераехаў у беларускую вёску і пачаў пячы сапраўдную піцу на дровах7

Брамніка «Дынама», якому кідаў шайбы Лукашэнка, не пусцілі на лёд «праз парушэнне рэжыму»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці3

Сотні рублёў, каб эфектна даведацца пол будучага дзіцяці: беларусы робяць усё больш маштабныя гендар-паці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць