ЗША зноў прагаласавалі супраць рэзалюцыі ААН з асуджэннем вайны супраць Украіны
Злучаныя Штаты Амерыкі 16 красавіка зноў прагаласавалі супраць рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН, у якой згадвалася асуджэнне расійскай агрэсіі супраць Украіны, паведамляе «Еўрапейская праўда».

Гаворка ідзе пра рэзалюцыю A/79/L/75 «Супрацоўніцтва паміж ААН і Радай Еўропы», прысвечаную, сярод іншага, пытанню статусу Расіі, якую выгналі з Рады Еўропы ў сакавіку 2022 года.
12-старонкавы дакумент, ініцыяваны Люксембургам і Літвой, двойчы згадвае і расійскую агрэсію супраць Украіны — у прэамбуле і асноўным тэксце.
На пасяджэнні Генасамблеі ААН 16 красавіка яго падтрымалі 105 краін. Сярод дзевяці краін, якія прагаласавалі супраць, — Расія, Беларусь, КНДР, а таксама Злучаныя Штаты.
Прадстаўнік ЗША пры ААН Джонатан Шрыер у выступе падчас абмеркавання заявіў, што рэзалюцыя
«паўтарае заявы адносна расійска-ўкраінскай вайны, якія, на думку Злучаных Штатаў, не спрыяюць прасоўванню справы міру».
«Мы спадзяемся, што Рада Еўропы і ўсе дзяржавы-члены ААН падтрымаюць і ўзмоцняць намаганні, накіраваныя на дасягненне ўсёахопнага і працяглага міру паміж Расіяй і Украінай», — дадаў ён.
Гэта ўжо другі выпадак, калі ЗША галасуюць разам з Расіяй супраць рэзалюцыі Генасамблеі з асуджэннем расійскай агрэсіі супраць Украіны. 24 лютага Генасамблея ААН ухваліла ўкраінскую рэзалюцыю з асуджэннем расійскай агрэсіі, і Злучаныя Штаты прагаласавалі супраць яе — разам з Расіяй і яшчэ 16 іншых краін.
Тады, дарэчы, галасавалі супраць такія краіны:
Беларусь, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Венгрыя, Гаіці, ЗША, Ізраіль, КНДР, Малі, Маршалавы астравы, Нігер, Нікарагуа, Палау, Расія, Судан, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя.
Гэтым разам з 18 засталіся толькі 9:
Беларусь, ЗША, КНДР, Малі, Нігер, Нікарагуа, Расія, Судан, Эрытрэя.
Буркіна-Фасо, Бурундзі, Ізраіль, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка і Экватарыяльная Гвінея галасаванне гэтым разам праігнаравалі, Палаў устрымалася, а Венгрыя, Гаіці і Маршалавы астравы рэзалюцыю падтрымалі.
Каментары