Былы старшыня ліквідаванага ўладамі аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка апублікаваў у тыктоку зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Нагода — дзяржаўная рэгуліроўка цэн, якая робіць стратным бізнэс.

Былы лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка асцярожна, але публічна выступіў супраць зарэгуляванасці цэн, якая руйнуе бізнэсы і якую Лукашэнка лічыць пошукам формулы «справядлівай цаны».
«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, я да вас звяртаюся па пытанні цэнавага рэгулявання. Я вельмі добра разумею, што даводзіцца сутыкацца з многімі выклікамі, як у эканоміцы, так і ў палітыцы.
Калі быў прыняты закон аб таксі, я актыўна заклікаў стаць на бок закона і падтрымаць ваша рашэнне, якое прынялі ў рамках указа.
Але цяпер я б хацеў заклікаць вас яшчэ раз звярнуць увагу на рашэнне ўрада з нагоды рэгулявання цэн і ўсё ж такі яшчэ раз прапрацаваць пералік тавараў, на якія неабходна рэгуляванне. І ў нашым выпадку ён патрабуе карэкціроўкі.
І многія рэчы адтуль трэба прыбіраць. Сустракайцеся з прадпрымальнікамі, дайце даручэнні, каб прапрацавалі гэтае пытанне і вам людзі будуць вельмі ўдзячныя», — сказаў Шумчанка.
На нарадзе 28 лютага Лукашэнка даручыў выпрацаваць аптымальнае рашэнне як па формуле справядлівай цаны, так і па сістэме кантролю і кіравання цэнамі.
3 красавіка была апублікавана чарговая пастанова ўрада, якой карэкціруецца сістэма рэгулявання цэн, уведзеная ў 2022 годзе.
Пастановай сярод іншага скарочаны пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца. Цэны будуць рэгулявацца на 211 таварных пазіцый, а не 331, як раней. Але, як вынікае, прадпрымальнікі лічаць гэта недастатковым.
Анатоль Шумчанка — былы старшыня ліквідаванага Вярхоўным судом рэспубліканскага аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва».
У 2022 годзе Шумчанка затрымліваўся за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Чым ён займаўся ў апошнія гады, невядома. Улетку 2023 года Шумчанка расказваў, што яго не ўзялі нават кіроўцам на «хуткую».
У гэтым годзе ён узначаліў выбарчы штаб лукашэнкаўскага спойлера на прэзідэнцкіх выбарах — Ганны Канапацкай.
Каментары