Грамадства44

У расійскую базу вышуку за паўгода дадалі больш за 1200 беларусаў. Шмат вядомых прозвішчаў

З ліпеня мінулага года МУС РФ абвяшчае ў вышук усё больш беларусаў — за апошнія 5 месяцаў у базу трапілі больш за 1 200 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі, піша «Медыязона». У спіс беларусы трапляюць па запыце Беларусі — гэта значыць, што іх шукаюць у абедзвюх краінах.

Фота ілюстрацыйнае

Даныя ў пошуку актуальныя на сакавік 2025 года, і ў гэтай базе можна знайсці прозвішчы многіх вядомых у Беларусі асоб:

Былыя палітвязні

За 5 месяцаў у вышуковую базу Расіі дадалі як мінімум 58 чалавек, асуджаных па палітычных справах.

Сярод іх Юрый Бандарэнка, Крысціна Дыдуэль, Дзяніс Маслаў, Лідзія Іванова, Аляксандр Кашпанаў, Сяргей Яроцкі, Васіль Логвінаў.

Ёсць сярод былых палітвязняў у спісе ёсць актывістка і былая рэдактарка тэлеграм-канала «Мая краіна Беларусь» Ірына Шчасная. У лістападзе 2021 года яе асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму па той жа справе, што і Паўла Севярынца ды актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».

Таксама ў базу вышуку трапілі экс-следчы Аляксандр Антанюк і сябра страйкама «Беларуськалія» Андрэй Прылуцкі.

У абноўленым спісе сярод палітвязняў можна знайсці тых, хто асуджаны паводле «карагоднай справы» ў Берасці: Віталь Брух, Арсень Сіняк, Яўген Сіняк, Кірыл Луд, Алег Кулеша і Дзмітрый Панько.

Журналісты, праваабаронцы, эксперты

У расійскім вышуку апынуліся многія журналісты беларускіх медыя, якія працуюць у эміграцыі, у тым ліку галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка і кіраўніца тэлеканала «Белсат» Аліна Коўшык.

Шукаюць журналістаў Марыю Калеснікаву і Змітра Лукашука з «Еўрарадыё», Дзмітрыя Гурневіча і Алега Груздзіловіча з «Радыё Свабода», Ірыну Новік з Hrodna.life.life, а таксама супрацоўнікаў іншых медыя і журналістаў Глеба Раманава, Глафіру Жук, Андрэя Скурко, Змітра Панкаўца, Марыю Булавінскую.

У спіс трапілі праваабаронца цэнтра «Вясна» Аляксандр Буракоў, паэтка і тэлевядучая Валерыя Кустава, былы кіраўнік жодзінскага тэлеканала Эльшад Акбераў, які быў адхілены ад пасады ў 2020 годзе пасля трансляцыі відэа з гвалтоўнымі разгонамі мітынгаў.

У спісе ёсць і два намеснікі старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў — Барыс Гарэцкі і Алег Агееў. Акрамя іх вышукваецца вядучы праекта «Обычное утро» Канстанцін Місуна (Каверын) і былая вядучая праграмы Людміла Лабінская (Міласлаўская).

Шукаюць і палітычных аналітыкаў ды экспертаў — у спісе Арцём Шрайбман, Валер Карбалевіч, Яраслаў Раманчук, Юры Дракахруст, Дзмітрый Балкунец.

Таксама ў спісе пазначаныя беларусы, якім вынеслі завочныя прысуды па «справе аналітыкаў Святланы Ціханоўскай»: Наталля Рабава, Таццяна Чуліцкая, Вераніка Лапуцька і Аляксандр Шлык.

Актывісты і палітыкі

У вышуковы спіс трапілі палітык Вераніка Цапкала, сябра Каардынацыйнай рады Юрась Губарэвіч, былы палітычны актывіст Сяргей Дылеўскі, актывістка і ў мінулым давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, а таксама экс-кіраўніца штаба Ціханоўскай Марыя Мароз. Кавалькова, Дылеўскі і Мароз завочна атрымалі па 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму па «справе Каардынацыйнай рады».

Людзі культуры

Шукаюць шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу, вакаліста гурта Brutto Віталя Гуркова, акцёра і ўдзельніка праекта «ЧынЧынЧэнел» Дзмітрыя Ясяневіча (ягоны калега Міхаіл Зуй быў абвешчаны ў вышук паўгода таму).

Акрамя іх, у спісе з'явіліся арт-менеджар Аляксандр Чахоўскі, журналіст і пісьменнік Саша Філіпенка, гісторык Цімафей Акудовіч, кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін, менеджар праграм міжнароднай арганізацыі «ЕўраБеларусь» Таццяна Пашавалава, гомельскі архітэктар і краязнаўца Сяргей Ляпін.

У вышук трапіла спявачка Мерыем Герасіменка, якая была затрыманая ў жніўні 2022 года пасля канцэрту ў мінскім бары «Слоікі-бутэлькі», дзе выканала песню «Обійми» украінскага гурта «Океан Эльзи». Пасля яна была асуджаная па палітычнай крымінальнай справе.

Таксама ў спіс трапіў стваральнік гурта Ulis Вячаслаў Корань.

Добраахвотнікі

У вышук абвешчаныя былы беларускі добраахвотнік палка Кастуся Каліноўскага Павел Мар'еўскі. Акрамя яго вышукваюцца Аляксей «Дэн» Кавальчук, Ілля Сыч і Яўген «Карыч» Каранкевіч.

Шукаюць таксама маму загінулага ва Украіне беларускага добраахвотніка Паўла «Волата» — Наталлю Суславу.

Блогеры

У вышуку знаходзяцца полацкі блогер і актывіст Сяргей Пазняк, блогер з Гродна і былы палітвязень Вадзім Ермашук (Vadimati), вядучы праекта «Рэальная Беларусь» Арцём Шапараў, блогерка і былая віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Вольга Павук, а таксама экс-рэдактарка «Чорнай кнігі Беларусі», стваральніца ініцыятывы «Карнікі Беларусі» і аўтарка ютуб-канала «Дзікае Паляванне» Яніна Сазановіч.

Сваякі

У абноўленым спісе ёсць сваякі як былых палітвязняў, так і беларускіх палітыкаў у эміграцыі.

Сілавікі шукаюць сына былога прадстаўніка па нацбяспецы і абароне ў АПК Валерыя Сахашчыка — Аляксандра. У базе ёсць дачка былой палітзняволенай Алены Гнаўк — Аляксандра Семянюк. У Беларусі супраць яе распачалі крымінальную справу за атрыманне дапамогі, яна выехала з краіны з трыма дзецьмі.

…і яшчэ сотні беларусаў

Напрыклад, у спісе ёсць выканаўчы дырэктар «Беларускага моладзевага хаба» ў Варшаве і сябра КР Аляксандр Лапко, IT-бізнэсовец Яраслаў Ліхачэўскі, а таксама Станіслаў Буйніцкі — саўладальнік офіснага будынка ў Гродне, у якім знаходзіцца польскае консульства. Сам Буйніцкі з 1999 года жыве ў Польшчы, а ў студзені 2025 года СК пачаў у дачыненні да яго спецыяльную вытворчасць.

У базе вышуку ёсць выхаванец ХК «Гомель» Ягор Тозік, футбаліст аматарскага клуба ФК «Сухарава» Яўген Траянчук і футбаліст Мікіта Грыбаў, які выступае за клуб «Палонія Слубіцы» з чацвёртай лігі Польшчы. Былая дырэктарка кінафестывалю «Лістапад» і міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва ТЭART Анжаліка Крашэўская, доктарка Анастасія Бурак, зубная доктарка Наталля Кукішава, якую асудзілі за каментары па справе Андрэя Зэльцэра.

Шукаюць і Канстанціна Кучуру — сына Пятра Кучуры, якога ў 2004 годзе асудзілі на 18 гадоў за забойства — на волю ён выйшаў 16 жніўня 2021 года. На працягу ўсяго тэрміну Пятро не прызнаваў віну і не пісаў прашэнне аб памілаванні, а ягоны сын выступаў у якасці сведкі па справе бацькі. Паводле інфармацыі Belpol, Канстанцін раней затрымліваўся па палітычным артыкуле, ён знаходзіцца ў вышуку па артыкуле за абразу прадстаўніка ўлады.

Як праверыць сябе

Гэта можна зрабіць у спісе на сайце «Медыязоны».

У табліцы найчасцей не пазначана, па якім артыкуле шукаюць чалавека. Замест гэтага — запіс «вышукваецца па артыкуле КК» і кантактны нумар аддзялення міліцыі. Часам у апісанні пазначаныя асаблівыя прыкметы і фатаграфіі асобы, якая вышукваецца. Знакам «+» адзначаныя тыя, каго дадалі ў базу ў перыяд з лістапада 2024 па сакавік 2025 года. Тыя, каго за гэты час з яе выдалілі — адзначаны крыжыкам «х».

Каментары4

  • ПрикоЛ
    09.04.2025
    Прикол в том, что фамилии "Мельникова" в этом списке нет
  • Рэчаіснасьць
    09.04.2025
    понятно, скотны двор адзін, а не два, зірні на мову свайго камента
  • 1
    10.04.2025
    Но есть фамилия Лукашенко Ольга Александровна

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа21

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Усе навіны →
Усе навіны

Жыватворны агонь даставяць у Мінск з Масквы заўтра раніцай3

22-гадовы віцябчук, якога асудзілі за графіці пра 3%, загінуў у аўтакатастрофе пад Пецярбургам2

Гарачую ваду пачнуць адключаць у маі ў Мінску: ёсць першыя адрасы2

У Крамлі далі зразумець, што Вашынгтон выступае не з тымі прапановамі4

У Гродне МАЗ пайшоў пад ваду ў кар’еры, які засыпаў ВІДЭА2

У Мінску ўрачыста адкрыўся байкерскі сезон — заездам сотняў матацыклістаў ФОТЫ9

Расійскі рубель стаў самай прыбытковай валютай з пачатку года4

«З выгляду прыстойны дом, а пах унутры невыносны». Што не так з шматпавярховікам на вуліцы Бяды?10

Памятаеце 66-гадовую берлінку, якая нядаўна нарадзіла дзясятае дзіця? Яна ўжо зноў выйшла на працу5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа21

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць