Расійскага генерала Папова з турмы адправяць штурмавіком на фронт. Яго пасадзілі пасля крытыкі Мінабароны
Генерал Іван Папоў кіраваў расійскай абаронай на Запарожскім напрамку ў 2023 годзе. Але потым трапіў у турму.

Расійскі генерал-маёр Іван Папоў з турмы адправіцца на вайну супраць Украіны.
Ён будзе камандаваць штурмавым атрадам «Шторм Z» — у гэтыя падраздзяленні набіраюць зэкаў і падследных. Генерал падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны, абвінавачанні з яго будуць знятыя, паведамляе «Коммерсантъ».
У 2023 годзе Папоў камандаваў 58-й агульнавайсковай арміяй Паўднёвай ваеннай акругі і кіраваў расійскай абаронай на Запарожскім напрамку. Генерала спачатку пахвалілі за адбіванне контрудару ўкраінскай арміі, а затым раптоўна знялі.
Тады ж у сетцы з’явіўся запіс размовы Папова з саслужыўцамі. На аўдыё расійскі генерал заявіў, што яго знялі за «праўду». Па яго словах, ён распавёў начальніку Генштаба Валерыю Герасімаву аб праблемах з забеспячэннем і паскардзіўся на адсутнасць ратацыі вайскоўцаў на перадавой. Герасімаў у адказ нібыта абвінаваціў Папова ў панікёрстве і паабяцаў даложыць пра размову Уладзіміру Пуціну.
Папова спачатку перавялі ў Сірыю, а ў маі 2024 года затрымалі па абвінавачанні ў махлярстве. Паводле версіі следства, ён разам з саўдзельнікам у 2023 годзе выкраў 1,7 тыс. тон вырабаў металапракату, якія выдзелілі для будаўніцтва абаронных збудаванняў у Запарожскай вобласці. За продаж вырабаў асобы атрымалі 114 мільёнаў расійскіх рублёў (1,2 мільёна даляраў).
Папова спачатку адправілі ў СІЗА, потым адпусцілі пад хатні арышт, але праз некаторы час зноў вярнулі ў ізалятар. Знаходзячыся пад следствам, генерал напісаў адкрыты ліст Пуціну з просьбай вярнуць яго на фронт.
Каментары
замест Прыгожына