Грамадства2727

Хто гэты прафесар з Мінска, якому 95 гадоў і які ходзіць на працу пешшу тры кіламетры?

Леанід Грачыхін — доктар фізіка-матэматычных навук, працаваў з акадэмікам Сяргеем Каралёвым над запускам Юрыя Гагарына ў космас. Увесь у навуцы, выкладчыцкі стаж — больш за 70 гадоў, піша Tochka.by.

Фота: Tochka.by

З ходу робім Леаніду Іванавічу камплімент — стыляга. Высокі, худзенькі, у касцюме, у сцёганым бомберы і модных красоўках.

«Прафесар не толькі гаварыць, але і выглядаць павінен адпаведна», — адказвае ён.

Спартовец, выкладчык, вучоны

У прафесара ў яго 95 гадоў 0,25 стаўкі ў Акадэміі сувязі і прыкладна столькі ж — у Акадэміі авіяцыі. Выкладае Леанід Іванавіч пераважна магістрантам і аспірантам, курыруе кандыдацкія і магістарскія дысертацыі.

На працу дабіраецца пешшу: у адзін бок — каля трох кіламетраў і паўгадзіны дарогі. Паходка ў прафесара Грачыхіна шпаркая, а спіна прамая. У мінулым ён чэмпіён Беларусі па водным пола, даводзілася спаборнічаць і ў цяжкай атлетыцы. Так што ўмацаваць спіну было чым.

Упэўнены, што навука створаная для практычнай карысці: тэорыі лепш пакінуць пры сабе. Дзейнічае паводле фразы «рабі, што трэба і трэба проста зараз».

Шмат усміхаецца, мае некалькі мабільных тэлефонаў і знаёмы з ноўтбукам.

Сваю дарогу ў навуцы і жыцці не выбіраў — падказаў лёс. Як дзіця вайны, Леанід Іванавіч вырас з моцным характарам і неверагодным пачуццём абавязку. Таму заняткі ва ўніверсітэтах не прапускае, да кожнага дагэтуль рыхтуецца.

«Яны ў мяне праходзяць у фармаце пытанне-адказ. Я пытаюся, хлопцы спрабуюць адказваць. Калі не атрымліваецца — падказваю. Тады пары ператвараюцца ў лекцыі», — дзеліцца прафесар.

Касмічная частка жыцця

Падчас падрыхтоўкі да запуску ракеты «Усход-1» (на ёй чалавек упершыню здзейсніў палёт вакол Зямлі) Грачыхін узначальваў кафедру ў Мінскім вышэйшым інжынерным зенітным ракетным вучылішчы супрацьпаветранай абароны (МВІЗРУ СПА — цяпер Вайсковая акадэмія), дзе выпускаў кадры для працы з найноўшай тэхнікай.

Раз на тыдзень стабільна бываў у Маскве: агучваў свежыя рашэнні для касмічнага карабля. У камандзе вучоных Грэчыхін адказваў за бесперапынную радыёсувязь. Але строга такім напрамкам не абмяжоўваўся. Рабіў і іншыя разлікі.

«Прапанаваў, напрыклад, пры ўваходжанні ў шчыльныя слаі атмасферы (калі Гагарын мусіў вяртацца з космасу) паставіць цеплаахоўнае пакрыццё. Як яно гарыць, колькі і якой таўшчыні паставіць — вось гэта разлічваў», — прыводзіць прыклад адной са сваіх прац Леанід Іванавіч.

Для космасу каманда распрацоўвала і рухавікі: плазменныя і іённыя. Дзейнымі ў касмічнай прасторы аказаліся толькі іённыя, для іх Грачыхін і распрацаваў тэхнічную дыягностыку. Дапамагла профільная адукацыя па спектральным аналізе. А пазней Леанід Іванавіч абараніў дысертацыю ў гэтай галіне.

За космасам ён сочыць і цяпер: цікавіцца новымі тэхналогіямі ў гэтай сферы. Таму за Марыну Васілеўскую прафесар рады, але, як доктар фізіка-матэматычных навук, вывучае і іншыя тэмы.

Сучасная адукацыя і студэнты

Да балонскай сістэмы адукацыі Леанід Іванавіч ставіцца скептычна: паважае савецкую. Яна, паводле прафесара, была больш арыентаваная на практыку.

«Зараз студэнты слухаюць няўважліва, бо не ведаюць, спатрэбіцца ім гэта падчас працы ці не. Адсюль і нематываванаць хлопцаў. Да таго ж ацэнка працы выкладчыкаў сярод студэнтаў адносна нізкая, адпаведна, і стаўленне да лектара не самае лепшае», — дзеліцца меркаваннем наш суразмоўца. Аднак сваімі вучнямі Грачыхін ганарыцца. З некаторымі працуе дагэтуль. Так, Леанід Іванавіч выступае навуковым кансультантам прадпрыемства «Рэгула» — вытворцы экспертных прадуктаў для праверкі сапраўднасці дакументаў, грашовых знакаў і каштоўных папер.

У 13 гадоў быў разумнейшы за дарослага немца

Вайна карэктавала лёс хлопца Лёні Грачыхіна. З 12 да 16 гадоў жыў пад гукі баёў.

Старэйшая сястра была разведчыцай: добра ведала нямецкую мову і, уладкоўваючыся перакладчыцай, магла даносіць нашым пра ворага. Лёня з мамай пераязджалі следам за ёй. Уладкоўваліся на працу ў мясцовыя ўстановы. Так, падлетак застаўся тапіць печы ў дзяжурных частках каля чыгуначнай станцыі недалёка ад украінскай Умані.

«Памятаю, немец задаў мне прыклад. Я спачатку памыліўся, не рашыў. Той засмяяўся, маўляў, вось якая ў нас адукацыя слабая. А мне так крыўдна стала, я ж найлепшым у класе быў, хутчэй за мяне ніхто не рашаў», — успамінае суразмоўца. Дома Лёня часу не марнаваў. Па школьных запісах паўтарыў тэорыю і на наступны дзень папрасіў у немца новыя задачкі.

Дзяленне дробаў рашыў вусна: скараціў лічбы і хутка выканаў дзеянні з тым, што засталося. Немец збянтэжыўся, бо сам распісваў усё паслядоўна ў слупок, выдаткаваў на рашэнне больш часу.

Задаў яшчэ адну задачу, ужо на працэнты, але і з ёй Лёня справіўся на выдатна.

«Ён тады раззлаваўся: падумаў, я яго надурыў у першы раз. Паклаў мяне і пачаў нагамі па мяккім месцы. А мне так смешна стала. Я паўзу і ржу. І ўсе, хто гэта бачыў, таксама смяяліся», — і сёння, смеючыся, расказвае Леанід Іванавіч. Гэты выпадак на хлопца зрабіў моцнае ўражанне. Вырашыў: адгэтуль, калі вучыцца, то ведаць усё дасканала. І дагэтуль такога падыходу прытрымліваецца.

Уставіў залатыя зубы дзеля дзяўчыны

З будучай жонкай Леанід Іванавіч пазнаёміўся на першым працоўным месцы — у МВІЗРУ. Абое працавалі на кафедры фізікі і матэматыкі. Малады Лёня ў той час сур’ёзна займаўся водным пола, быў чэмпіёнам Беларусі. Гуляў у абароне, таму востра адчуваў недахоп уласных зубоў: іх выбівалі.

«Яна за год да мяне прыгледзелася. Зайшла неяк на кафедру і кажа: «Калі ты зубы зробіш, то я за цябе выйду замуж». Давялося рабіць», — смяецца Леанід Іванавіч і паказвае вокладку ўласнай кнігі, дзе красуецца ягоны партрэт з залатымі зубамі. Пасля таго, як жонкі не стала, родныя перавезлі бацьку ў іншую кватэру, бліжэй да працы.

У Леаніда Іванавіча двое дзяцей, унукі, праўнукі. Апошнія вось-вось скончаць школу, але ў навуку ісці не збіраюцца. Пакуль што кіраўнік сямейства — адзіны сярод родных вучоны.

За ўсе свае заслугі і працы ў месяц Леанід Іванавіч атрымлівае каля Br3500. Пенсія ў гэтай суме займае толькі трэцюю частку — знанаму вучонаму належыць каля Br1200. Леанід Іванавіч прызнаецца: асноўны даход аддае дзецям, унукам і праўнукам, для сябе пакідае трохі. Пытаемся, а калі б пенсія была большай, працавалі б?

«Абавязкова. Усе мае калегі, як на адпачынак сыходзілі, праз два гады пакідалі гэты свет», — прызнаецца прафесар.

І дадае, што навука — гэта цяжкая праца, але гэта і ёсць яго жыццё.

Каментары27

  • Ёсік
    04.04.2025
    Усё што робіць, малайчына. Але ці на карысьць ідзе яго выкладаньне аспірантам, здаецца, за 70 гадоў нічога ён у сваіх лекцыях не зьмяніў. Мо памыляюся, але маю прыклад: урач-неўролаг, трохі за 30 гадоў, навучаўся не ў Мінску, але зараз тутака ўладкаваны. Дык вось гісторыя аб чым - і ён, і ягоная маці навучаліся ў розны час у аднаго выкладчыка-прафесара па, УВАГА, адным і тым жа кансьпекце, нічога не зьмянілася ў нашай краіне, а сьвет неўралогіі зрабіў вялікі крок за тыя +- 20 гадоў навучаньня.
  • Иди кирпич под Пшемыслем клади
    04.04.2025
    Если такой умный, почему не богатый?, Или китайскими лохмотьями барыж. Знаток
  • Максим Дизайнер
    04.04.2025
    Какой человек. Ходит по улицам, а вокруг одни блохеры, тиктокеры и ойтишнеги с чумазыми пролетариями.

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа24

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін аб'явіў велікоднае перамір'е18

Упершыню дадаткова абмежавалі наведванне на Радаўніцу могілак у зоне адчужэння на мяжы з Украінай

У Беларусі будуюць чатыры буйныя пляцоўкі чакання каля мяжы2

Міколу Статкевіча трымаюць у рэжыме інкамунікада ўжо 800 дзён3

Чыноўнікі МАРГ праверылі сховішчы з агароднінай і кажуць, што ўсё нармальна

Жыватворны агонь даставяць у Мінск з Масквы заўтра раніцай3

22-гадовы віцябчук, якога асудзілі за графіці пра 3%, загінуў у аўтакатастрофе пад Пецярбургам2

Гарачую ваду пачнуць адключаць у маі ў Мінску: ёсць першыя адрасы2

У Крамлі далі зразумець, што Вашынгтон выступае не з тымі прапановамі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа24

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць