Грамадства2222

«Мне здаецца, Пуцін нас уцягне ў вайну». Алексіевіч выступіла ў Вільні — не абышлося без моўнай сваркі

Пакаленне старых аказалася мацнейшае, а мы занадта спадзяваліся на чыстыя дэмакратычныя інстытуты, разважала пісьменніца. 28 лютага Святлана Алексіевіч сустрэлася з беларусамі Вільні. На падзеі прысутнічала і «Наша Ніва» — расказваем самае цікавае.

Наталля Калегава, Святлана Алексіевіч, Томас Венцлава, Тацяна Лазніца, Паліна Шарэнда-Панасюк у Вільні 28 лютага. Фота: Радыё Свабода

Сустрэчу з пісьменніцай зладзілі ў віленскім «Замку» — шэлтары арганізацыі Dapamoga. На гутарку з Алексіевіч прыйшлі былыя палітвязні, у тым ліку Паліна Шарэнда-Панасюк. У пачатку сустрэчы ёй падаравалі карціну — палатно ўручыла мастачка Наталля Борд, а ў выкупе актыўна паўдзельнічала Алексіевіч. Прыйшоў і літоўскі паэт Томас Венцлава.

Пісьменніца расказала пра кнігу, якую цяпер піша — гэта гісторыя 2020-га ў Беларусі і таго, як змяніліся беларусы. У дзень перад сустрэчай яна пагутарыла з Палінай Шарэнда-Панасюк — Святлана згадала гэта ў першыя хвіліны сустрэчы:

«Калі яна толькі выйшла, яна не казала пра нянавісць, яна казала больш словаў любові. Цяпер я вельмі шмат гэта чую, і гэта адзінае, што можа выцягнуць нас з пекла.

Нам складана. У нас забралі краіну, гонар, мы перажываем вялікае гістарычнае прыніжэнне.

Усё гэта вельмі складана — складана гэта рэфлексаваць, з гэтым жыць і гаварыць пра гэта. Нам патрэбна шмат псіхалагічнай працы, але калі мы разам, яе лягчэй рабіць. Неяк не прынята ў нас было рэфлексаваць, камунізм і ГУЛАГ засталіся неадрэфлексаваныя, таму гэта ўсё і вяртаецца».

Святлана разважала пра тое, што светлая будучыня для беларусаў будзе не хутка, таму нельга паставіць жыццё ў чаканне:

«Трэба жыць, бо гэта тваё адзінае жыццё. Трэба любіць, трэба нешта рабіць у доме, каб было прыгожа, знаходзіць належныя словы для дзяцей, маладым трэба атрымліваць прафесію, вучыць замежную мову. Новай Беларусі патрэбныя будуць не толькі рэвалюцыянеры, нам будуць патрэбныя прафесіяналы».

Святлану спыталі пра 2020-ты — у чым памыліліся беларусы? Алексіевіч адзначыла, што вынікі пратэстаў нельга назваць поўнай паразай, бо «нешта вырасла ў нашым разуменні».

Пісьменніца жыла ў цэнтры Мінска і была сведкай маршаў:

«Раніцамі бачыла, як а 5-й гадзіне міма мяне праходзіць шмат вайсковай тэхнікі — нават такой, якую я ніколі не бачыла, а я бачыла шмат тэхнікі, калі была на вайне ў Афганістане. А потым ішлі шмат людзей. Яны былі вельмі прыгожа апранутыя — белыя сукенкі, вопратка, белыя кветкі, такая белая сутнасць — дабро, радасць, жыццё.

Калі чытаць фальклор, я бачу шмат дзіцячага ў народным успрыманні.

Не ведаю, як у нас засталося столькі ідэалістаў, што нас абараніла ў гісторыі. Для мяне стала загадкай, чаму ў 2020-м мы так выйшлі і думалі, што нас шмат, што Лукашэнка нас не ведаў, што мы зусім іншыя і адбудзецца транзіт улады».

Пісьменніца назвала наіўнымі спадзяванні на мірны транзіт — маўляў, для яе было зразумела, што гэты рэжым не пойдзе без крыві. Але беларусы, кажа Алексіевіч, зрабілі памылку і забыліся на гэта.

У 2020-м пакаленне старых аказалася мацнейшае, разважае пісьменніца. Перамаглі не толькі іх танкі, але і іх светапогляд.

«Цяпер над намі вісіць пагроза грамадзянскай вайны, якой я вельмі баюся. Лукашэнка заганяе нас у кут, пастку. Ён не пакідае нам іншых шанцаў. Я не Ванга і не магу прадказваць, прадказваць бессэнсоўна, таму што будучыня іншая. Хто з нас думаў, што мы будзем жыць за мяжой? Я хацела жыць дома і цяпер хачу, але жыццё павярнулася інакш. Магу сказаць адно — мне здаецца, нас чакаюць выпрабаванні. І трэба сябе да іх рыхтаваць».

На думку пісьменніцы, беларусаў магло б выратаваць новае пакаленне. Яна разважае, што калі б у нас было хаця б 5 гадоў у запасе, гэтае пакаленне падрасло б і беларусы сталі б іншымі. Тады наўрад ці з беларускім народам можна было б рабіць тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

Але Святлана кажа, што сустрэчы з моладдзю даюць ёй надзею — час усё ж такі пераможа. І пры гэтым ёсць месца шкадаванню — час пераможа, але што тады з нашым жыццём?

Наступнае пытанне было пра марш правых ва ўсім свеце. У адказ Алексіевіч назвала прыхільнікаў дэмакратыі інфантыльнымі:

«Мы думалі, дэмакратыя сама па сабе дасць нам новае жыццё, а мы можам проста жыць і радавацца жыццю, як гэта было ў Еўропе, і не думаць, што дэмакратыю трэба адстойваць. Мы ўсе занадта спадзяваліся на чыстыя дэмакратычныя інстытуты, на тое, што яны будуць працаваць самі па сабе, а мы можам забаўляцца і жыць у сваё задавальненне.

Але не, кожны з нас не зрабіў тую працу, якая не дала б правым крочыць па ўсім свеце. Мы не хутка зможам даць гэтаму адпор, мы ў шоку і адчаі ад таго, што адбываецца, і эліта толькі пачынае перабудоўвацца, каб зразумець гэта. Каб супраціўляцца, трэба разумець, чаму і як супраціўляцца, патрэбны час гэта зразумець».

Адзін слухач адзначыў, што не можа згадаць, калі Алексіевіч выступала па-беларуску. Пісьменніца парыравала: такую заўвагу яна часта чуе. Свае творы, сваеасаблівую энцыклапедыю чырвонага чалавека, яна пісала 40 гадоў:

«Усе мае пяць кніг — пачатак і распад гэтай імперыі. Я ездзіла па ёй, і гэтая ідэя тады гаварыла па-руску — на рускай мове тады гаварылі ва Украіне, у Таджыкістане, не кажу пра нашу частку. І таму так атрымалася, што 40 гадоў мая актыўная мова — руская. Я напісала гэтыя кнігі па-руску, і гэта нельга было гаварыць па-беларуску. 

Беларуская мова зробленая на камернай прасторы. Гэта старая, добрая мова, паэтычная, я вельмі зайздрошчу, калі маладыя гавораць па-беларуску. Гэта вельмі прыгожа, але тое, што я рабіла, нельга пісаць па-беларуску».

Алексіевіч назвала сябе закладніцай рускай мовы. Пісьменніца расказала, што спрабавала пісаць па-беларуску і ведае беларускую мову, але адчула, што, калі піша па-беларуску, яна «не роўная сама сабе», таму што беларускай мовы даўно не было ў яе практыцы. Таму, на яе думку, рабіць нешта па-беларуску для яе было б не шчыра.

Пісьменніцы прапанавалі зараз жа перайсці на беларускую мову, яна адмовілася — маўляў, усё патлумачыла. Узяў слова паэт Томас Венцлава, і арганізатары абвясцілі, што хутка трэба заканчваць сустрэчу.

Скончылі на трывожным пытанні — ці ўцягнуць Беларусь у вайну. Вось што думае пісьменніца:

«Я не палітык, хаця я і чалавек гэтага часу. Я б не хацела казаць такія сумныя рэчы, але мне здаецца, што Пуцін нас уцягне ў вайну. Гэта маё прадчуванне, яно ж не абавязкова спраўдзіцца.

Тут пачнецца вялікая геапалітычная гульня. І мы на такім геаграфічным месцы, што нас могуць уцягнуць у вайну».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары22

  • З Вільні
    28.02.2025
    Калісці даўно, здаецца ў 1999 годзе ў часопісе "Архэ" быў апублікаваны артыкул, прысвечаны творчасці Алексіевіч. Аўтар, калі не памыляюся, - Андрыеўская. Тады яшчэ не было дэфініцыі "рускі мір", але аўтар ў сваім аналізе даводзіць, што пісьменніца глыбока руская па сваёй ментальнасці, руская ў сваёй творчасці і ў яе матывацыі. Як я бачу з таго часу нічога не змянілася. Чалавек не можа выціснуць з сябе нават пару словаў па беларуску, хаця б з удзячнасці да народа, сярод якога пражыла жыццё.
  • Увы
    28.02.2025
    Нас учат жизни те, кто сами ничего не умеют...
  • што яна вярзе?
    28.02.2025
    "Нам складана. У нас забралі краіну, гонар,"
    далей не чытала. бо ні краіну, ні тым больш гонар немагчыма забраць.

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа29

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Усе навіны →
Усе навіны

Уіткаф яшчэ раз сустрэнецца з прадстаўнікамі Расіі

Зяленскі заявіў пра расійскія дроны ва ўкраінскім небе пасля аб'яўлення пуцінскага перамір'я

Украіна і Расія правялі перад Вялікаднем буйны абмен ваеннапалоннымі2

Пуцін аб'явіў велікоднае перамір'е18

Упершыню дадаткова абмежавалі наведванне на Радаўніцу могілак у зоне адчужэння на мяжы з Украінай

У Беларусі будуюць чатыры буйныя пляцоўкі чакання каля мяжы2

Міколу Статкевіча трымаюць у рэжыме інкамунікада ўжо 800 дзён3

Чыноўнікі МАРГ праверылі сховішчы з агароднінай і кажуць, што ўсё нармальна

Жыватворны агонь даставяць у Мінск з Масквы заўтра раніцай3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа29

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць