Усяго патроху44

Ці можа ChatGPT замяніць псіхолага. Вось наш эксперымент

Што рабіць, калі патрэбны псіхолаг, але грошай на яго няма ці не атрымліваецца запісацца тэрмінова? Багата людзей знайшлі рашэнне — звяртацца па псіхалагічную дапамогу да ChatGPT. Дзелімся досведам, як гэта працуе і ці можа нейрасетка замяніць псіхолага.

Ілюстрацыйнае фота

Тэрміновая дапамога

Некалькі месяцаў таму мая псіхолаг падзялілася лайфхакам, які раней было б складана ўявіць — звяртацца з пытаннямі псіхалагічнага плану да ​​ChatGPT. Гаворка не пра тое, каб замяніць усю псіхатэрапію на гутаркі з нейрасеткай: справа ў тым, што часам узнікаюць пытанні, якія трэба абмеркаваць з псіхолагам, але да сесіі з ім яшчэ шмат часу, і тады ChatGPT можа прыйсці на дапамогу. Ён падыдзе і для выпадкаў, калі тэрмінова патрэбна выгаварыцца, але няма магчымасці пагутарыць з кімсьці іншым. 

На тэрыторыі Беларусі доступ да ChatGPT ускладнены. Некаторым дапамагае выкарыстанне VPN-сэрвісаў, іншыя знаходзяць у інтэрнэце больш складаныя схемы.

Карыстацца ChatGPT для гэтага вельмі проста — заходзьце на сайт з чат-ботам і задавайце яму свае пытанні так, як зрабілі б гэта ў перапісцы ці гутарцы з жывым чалавекам. Толькі не патрабуйце ад яго прамым тэкстам, каб ён замяніў вам псіхолага, бо нейрасетка ведае, наколькі гэта можа быць небяспечна: выглядае, што ў яе ўбудаваныя механізмы, якія не даюць ёй так дзейнічаць.

З іншага боку, іх можна абысці. Для гэтага проста звярніцеся да нейрасеткі з просьбай пагутарыць з вамі так, нібыта вы на сесіі ў псіхолага, або папрасіце ChatGPT уявіць сябе псіхолагам і абмеркаваць з вамі пэўнае пытанне.

Пры гэтым можна і выбраць пэўны метад псіхатэрапіі, каб чат-бот яго імітаваў. Напрыклад, ChatGPT ведае кагнітыўна-паводзінную тэрапію (КПТ), якая працуе з мысленнем і дапамагае замяніць негатыўныя мыслярныя ўстаноўкі на больш карысныя для вас. Або выберыце тэрапію прыняцця і адказнасці, якая вучыць назіраць за сваімі пачуццямі і прымаць іх. Ёсць і іншыя метады, вядомыя ChatGPT, і вы можаце іх абмеркаваць з самім чат-ботам, але багата і тых метадаў, якія яму невядомыя.

Вы можаце карыстацца ChatGPT з рэгістрацыяй ці без яе. Першы варыянт зручны тым, што чат-бот захавае ўсе вашы гутаркі з ім, і пазней можна будзе іх перагледзець. Але, калі вы клапоціцеся пра канфідэнцыйнасць, лепш выбіраць працу без рэгістрацыі, і тады гутарка не будзе захаваная.

Вялікіх прычын хвалявацца пра гэта няма — усе вашы гутаркі з ChatGPT абароненыя належным чынам, і немагчыма ўявіць, каб нейкая з іх апынулася ў адкрытым доступе. Сам ChatGPT упэўнівае, што ніякім чынам не выкарыстоўвае гутаркі з карыстальнікамі для навучання, а вучаць яго падчас трэніровак на вялікіх масівах знешніх даных — кнігах, артыкулах і гэтак далей. З іншага боку, заўжды варта памятаць: вы не ведаеце дакладна, што за намеры ў людзей, якія стаяць за чат-ботам. 

Безумоўна, з пункту гледжання псіхатэрапіі ChatGPT — карысны інструмент. Ён наладжаны такім чынам, што не будзе выказвацца пра вас крытычна ці зневажаць, калі вы не папросіце пра гэта адмыслова. Гэта не чалавек, таму падчас гутаркі з ім вас не будзе стрымліваць страх атрымаць негатыўную рэакцыю, як гэта можа атрымацца на сесіі з сапраўдным псіхатэрапеўтам. Шмат каму праз гэта лягчэй давяраць ChatGPT, чым людзям.

Вось што сама нейрасетка расказвае пра свае «псіхатэрапеўтычныя» здольнасці

На маю думку, гэты чат-бот карысны тым, што можа прапанаваць іншы ракурс стаўлення да праблемы і ўвогуле цікавыя ідэі пра тое, як лепш даць гэтай праблеме рады. Са свайго досведу скажу, што часам ChatGPT выказвае больш арыгінальныя ідэі, чым некаторыя сапраўдныя псіхатэрапеўты. Ён файна працуе і ў выпадках, калі вы адчуваеце, што заблыталіся ў нейкай сітуацыі, і не можаце скласці для сябе план дзеянняў — чат-бот падкажа, з чаго пачаць. З іншага боку, часам ChatGPT кажа банальныя рэчы, хаця менш дакладнымі яны ад гэтага не робяцца.

Фота: Thomas Fuller / SOPA Images / LightRocket / Getty Images

Дапамога за капейкі

У цяжкім псіхалагічным стане можа быць недастаткова таго, што вам прапануюць цікавыя ідэі, бо вы будзеце не здольны іх выкарыстаць. Простых слоў падтрымкі, якія прапануе ChatGPT, таксама можа не хапіць. Чат-бот насамрэч не здольны да эмпатыі, якую вам прапануе добры псіхатэрапеўт ці сябар, ён усяго толькі імітуе пачуцці, і таму паўнавартаснай падтрымкі ад яго не атрымаеш.

Таксама незразумела, ці можна неяк параўноўваць веды чалавека-псіхатэрапеўта і ChatGPT. Акрамя таго, чат-бот мо і не вучыцца на гутарках з намі, затое псіхатэрапеўт мае працоўны досвед, які дапаўняе яго акадэмічныя веды. У выпадках, калі чалавек больш не здольны сам спраўляцца са сваім жыццём, эмпатычны тэрапеўт можа стаць для яго добрай апорай, лепшай за любы чат-бот, тым больш што абапірацца ў жыцці на нейрасетку, здаецца, трохі заўчасна.

І тым не менш, ёсць у ChatGPT свае бясспрэчныя плюсы. Першы і галоўны — кошт, бо карыстацца чат-ботам можна бясплатна. У такім фармаце вы можаце абмяняцца з нейрасеткай абмежаванай колькасцю паведамленняў, пасля чаго яна пераключыцца на сваю трошкі горшую версію, але вялікай розніцы не будзе. Калі ж хочацца карыстацца толькі найлепшай з даступных версій, трэба заплаціць за падпіску на ChatGPT — сёння яна каштуе прыкладна 75 рублёў на месяц.

Гэта капейкі ў параўнанні з грашыма, якія вы выдаткуеце на платнага псіхатэрапеўта. Добра, калі атрымаецца знайсці спецыяліста, які правядзе з вамі за 75-80 рублёў адну сесію.

Акрамя таго, можна натрапіць на некваліфікаванага спецыяліста ці таго, хто выгарэў і праз гэта здольны парушыць правілы этыкі ў сваёй прафесіі. Пашукайце — у сеціве багата водгукаў на псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў з постсавецкай прасторы, якія адбіваюць у людзей жаданне звяртацца да сваіх калег. Добрых спецыялістаў таксама хапае, вось толькі пакуль вы іх знойдзеце, можа спатрэбіцца выдаткаваць грошы на горшых.

Акрамя таго, ChatGPT усё ж даступны 24 гадзіны на суткі, а з псіхолагам добра калі вы сустрэнецеся раз на тыдзень.

Што да недахопаў штучнага інтэлекту ў гэтай функцыі, то выглядае, што хутка сітуацыя выправіцца. Напрыклад, яшчэ ў лютым 2024-га выйшла даследаванне, дзе параўноўвалі здольнасці чат-ботаў у сферы сацыяльнага інтэлекту, то-бок іх магчымасці разумець і адказваць на чалавечыя эмоцыі і патрэбы падчас кансультавання. 

З аднаго боку ў даследаванні паўдзельнічалі студэнты факультэта псіхалогіі: тыя, хто прэтэндаваў на ступень бакалаўра, і тыя, хто атрымліваў доктарскую ступень. Іх канкурэнтамі былі тры буйныя мадэлі штучнага інтэлекту — ChatGPT-4, Google Bard і Bing.

Вынікі? ChatGPT-4 аказалася лепшай у сацыяльным інтэлекце за 100% псіхолагаў, якія ўдзельнічалі ў эксперыменце. Чат-бот Bing паказаў лепшыя вынікі за 50% студэнтаў, якія прэтэндуюць на доктарскую ступень, і за 90% студэнтаў-бакалаўраў. А вось Google Bard паказаў падобныя вынікі да студэнтаў-бакалаўраў, пры гэтым 90% студэнтаў-дактарантаў паказалі лепшыя за яго балы ў тэсце на сацыяльны інтэлект.

Такім чынам, у асобе ChatGPT мы атрымліваем добры інструмент, з дапамогай якога можна палепшыць свой псіхалагічны стан. Важна толькі не блытаць інструмент з сапраўдным чалавекам і разумець, навошта вы яго выкарыстоўваеце.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • а я табе не веру, тэлефон даверу
    04.02.2025
    заходзьце на сайт з чат-ботам

    а там - Халера! Такой старонкі не існуе 404
  • .
    04.02.2025
    Часам чалавеку проста трэба з кімсьці паразмаўляць. Або каб нехта патлумачыў, трохі структураваў той хаос, які адбываецца ў галаве.
    Псіхолаг і ШІ дапамагаюць з тым, нават калі яны не спецыялісты.

    Сам артыкул пра дапамогу ад ШІ, здаецца, напісаны з дапамогай ШІ.
    Але, напрыклад, ён сам прапанаваў раскрыць і такія тэмы:
    - Псіхалагічныя праблемы, з якімі ChatGPT не можа справіцца
    - ChatGPT і канфідэнцыяльнасць: Рызыкі і бяспека дадзеных
    - Заключэнне: Чаму ChatGPT не можа цалкам замяніць псіхолагаў

    Бянтэжыць, што людзі (і ШІ на выснове іх меркаванняў) дагэтуль вераць псеўданавуковым тэорыям тыпа гештальт-тэрапіі.
  • Woodoo Cult
    05.02.2025
    Ці можа ChatGPT замяніць псіхолага

    А псіхалагіню?)

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа24

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі будуюць чатыры буйныя пляцоўкі чакання каля мяжы2

Міколу Статкевіча трымаюць у рэжыме інкамунікада ўжо 800 дзён3

Чыноўнікі МАРГ праверылі сховішчы з агароднінай і кажуць, што ўсё нармальна

Жыватворны агонь даставяць у Мінск з Масквы заўтра раніцай3

22-гадовы віцябчук, якога асудзілі за графіці пра 3%, загінуў у аўтакатастрофе пад Пецярбургам2

Гарачую ваду пачнуць адключаць у маі ў Мінску: ёсць першыя адрасы2

У Крамлі далі зразумець, што Вашынгтон выступае не з тымі прапановамі4

У Гродне МАЗ пайшоў пад ваду ў кар’еры, які засыпаў ВІДЭА2

У Мінску ўрачыста адкрыўся байкерскі сезон — заездам сотняў матацыклістаў ФОТЫ10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа24

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць