Кіно

«Супернікі» — гарэзлівы серыял пра сэкс, інтрыгі і брытанскія эліты

Тыдзень таму ў Брытаніі прэзентавалі серыял «Супернікі» (Rivals) — грымучую гісторыю пра арыстакратаў і тэлебачанне 1980-х, прыпраўленую сатырай і агромністай колькасцю сэксу. Расказваем пра гэты праект, які ўжо займеў вялікі поспех.

Фота: кадр з трэйлера серыяла

Гэта Брытанія 1980-х, выдуманае графства Ратшыр на паўднёвым захадзе Англіі. Лорд Тоні Бадынгем развівае незалежны тэлеканал Corinium і пераваблівае туды ірландскага тэлежурналіста Дэклана О’Хара. Той захрас у ВВС і фармальных гутарках з мясцовымі селебрыці, дзе кожнае слова мусіць быць выверана і няма ні шансу на жывую журналістыку.

О’Хара перабіраецца ў Ратшыр, але на новым месцы ўсё складаней, чым ён чакаў. Амерыканская прадзюсарка Кэмеран Кук, якую таксама перавабілі ў Corinium, навязвае Дэклану сваё бачанне працы, жонка не радая пераезду, і трэба ж яшчэ паклапаціцца пра дзвюх дачок.

Тым часам нарастае суперніцтва паміж Бадынгемам і заможным парламентарыем Рупертам Кэмпбелам-Блэкам. Гэты былы спартовец вылучаецца не амбітнымі праектамі, як Бадынгем, а хутчэй эксцэнтрычнасцю і любоўю да сэксу — з гэтага, уласна, і пачынаецца серыял. Руперт адначасова заводзіць раман з журналісткай і з жонкай члена парламента, а з апошняй яшчэ і гуляе ў тэніс — вельмі брытанская гульня, калі не ўдакладняць, што гэты тэніс голы.

Здаецца, жыхары Ратшыра ўвогуле вырашаюць у спальнях не менш пытанняў, чым у офісах ды гасцёўнях.

Серыял знялі па аднайменным рамане-бестсэлеры ад пісьменніцы Джылі Купер. Ёй, былой журналістцы, давялося папрацаваць у буйным брытанскім медыя — кансерватыўным выданні The Mail on Sunday, так што пад перажываннямі Дэклана, якога завалілі цэнзурай на ВВС, ляжыць рэальны досвед і разуменне сферы. 

80-я — час яркай музыкі, экстравагантнай моды і весялосці. Кніга Купер — канцэнтрат усяго гэтага, і стваральнікі серыяла таксама добра перадалі атмасферу той эпохі. «Супернікаў» можна глядзець усім, каму ў жыцці не хапае колеру і пазітыву: справу выправяць не толькі яркае адзенне і макіяж у стылі 80-х, але і жывыя фарбы англійскіх пейзажаў, старых арыстакратычных дамоў і нават машын.

Калі стваральнікі серыяла хацелі прызнацца ў любові да 80-х, у іх гэта дакладна атрымалася.

Фота: кадр з трэйлера серыяла

Але рэч не толькі ў візуале. Адну з галоўных роляў, амплуа Тоні Бадынгема, аддалі шатландцу Дэвіду Тэнанту, вядомаму сваімі ролямі ў тэлефільмах — да прыкладу, вы маглі бачыць яго ў іканічным серыяле ВВС «Доктар Хто». Кампанію Тэнанту, вядомаму таксама і па працы ў тэатры, склаў яшчэ адзін напаўтэатральны брытанец Алекс Хасэл і россып іншых зорак брытанскага тэлебачання.

Усе яны граюць настолькі задзёрыста, каб зберагчы гуллівую атмасферу кнігі Джылі Купер і саміх 80-х. Атмасфера, адзенне, буйства фарбаў і гармонаў, сюжэт — выглядае, што акцёры акунаюцца ва ўсё гэта з відавочнай асалодай. 

У нечым гэта «Брыджэртаны», толькі пра 80-я. І нездарма крытыкі прынялі «Супернікаў» гэтак жа добразычліва: на папулярным рэсурсе IMDB у іх рэйтынг 8 балаў з 10.

На іншай сусветна вядомай пляцоўцы, Rotten Tomatoes, рэйтынг «Супернікаў» па рэцэнзіях дасягае 92%. Відаць, нам нядоўга чакаць другога сезона — калі на двары эпоха няпэўнасці, прыемна хавацца ад яе ў яркім мінулым.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа8

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі рубель стаў самай прыбытковай валютай з пачатку года4

«З выгляду прыстойны дом, а пах унутры невыносны». Што не так з шматпавярховікам на вуліцы Бяды?9

Памятаеце 66-гадовую берлінку, якая нядаўна нарадзіла дзясятае дзіця? Яна ўжо зноў выйшла на працу3

ЗША на наступным тыдні хочуць узгадніць у Лондане поўнае спыненне агню ва Украіне3

Кватэру памерам з катэдж прадаюць у цэнтры Мінска6

У расійскім Краснадары каля 100 дэзерціраў ізноў паспрабавалі ўцячы з часткі

Палітвязень Андрэй Чапюк пасля допыту ўсё ж трапіў дадому

Сябар памерлага ў Кракаве Сяргея Дубініна расказаў, што папярэднічала трагедыі14

Адміністрацыя Трампа гатова прызнаць Крым расійскім у рамках мірнай дамовы28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа8

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць