«Еўрапейская праўда» апублікавала фінальны тэкст «Пагаднення аб выкапнях» — міжурадавай дамоўленасці, якую павінны падпісаць на гэтым тыдні Украіна і ЗША. Дакумент у новым выглядзе нашмат больш выгадны для Кіева.

За апошнія дні ўкраінскай перамоўнай камандзе ўдалося цалкам змяніць танальнасць дакумента ў параўнанні з тым, якім ён быў прапанаваны адміністрацыяй Трампа.
Перад падпісаннем у яго яшчэ могуць дадаць некаторыя змены, але большасць пунктаў ужо гатовы. Пра завяршэнне перамоў аб тэксце дакумента паведаміў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.
Цяперашняе версія дамоўленасці не патрабуе ратыфікацыі ў Вярхоўнай Радзе Украіны. Пасля падпісання дакумента Украінай і ЗША будзе створаны «Інвестыцыйны фонд аднаўлення».
***
Поўны тэкст «Двухбаковага пагаднення аб устанаўленні правілаў і ўмоў інвестыцыйнага фонду аднаўлення»:
БЕРУЧЫ ПАД УВАГУ, што Злучаныя Штаты Амерыкі прадставілі значную фінансавую і матэрыяльную падтрымку Украіне з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года;
БЕРУЧЫ ПАД УВАГУ, што амерыканскі народ жадае інвеставаць разам з Украінай у вольную, суверэнную і бяспечную Украіну;
БЕРУЧЫ ПАД УВАГУ, што Злучаныя Штаты Амерыкі і Украіна імкнуцца да працяглага міру ва Украіне і працяглага партнёрства паміж іх двума народамі і ўрадамі;
БЕРУЧЫ ПАД УВАГУ, што Злучаныя Штаты Амерыкі і Украіна прызнаюць унёсак, які зрабіла Украіна ва ўмацаванне міжнароднага міру і бяспекі, добраахвотна адмовіўшыся ад трэцяга па велічыні ў свеце арсеналу ядзернай зброі;
БЕРУЧЫ ПАД УВАГУ, што Злучаныя Штаты Амерыкі і Украіна жадаюць забяспечыць, каб тыя дзяржавы і іншыя асобы, якія дзейнічалі варожа супраць Украіны ў канфлікце, не атрымалі выгоды ад аднаўлення Украіны пасля прыходу працяглага міру;
ТАМУ, ЦЯПЕР Урад Злучаных Штатаў Амерыкі і Урад Украіны (кожны з якіх — «Удзельнік») заключаюць гэтую Двухбаковую дамову аб усталяванні правілаў і ўмоў Інвестыцыйнага фонду аднаўлення з мэтай паглыблення партнёрства паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Украінай, як гэта выкладзена ў гэтым дакуменце.
- Урады Украіны і Злучаных Штатаў Амерыкі з мэтай дасягнення працяглага міру ва Украіне маюць намер стварыць Інвестыцыйны фонд аднаўлення (Фонд), стварэнне партнёрства ў Фондзе праз сумесную ўласнасць, якая будзе далей вызначана Дамовай аб Фондзе. Сумесная ўласнасць улічвае рэальныя ўнёскі Удзельнікаў, як вызначана ў раздзелах 3 і 4. Кіраванне Фондам будзе ажыццяўляцца сумесна прадстаўнікамі Ураду Украіны і Ураду Злучаных Штатаў Амерыкі. Больш падрабязныя ўмовы адносна кіравання і дзейнасці Фонду будуць выкладзены ў далейшай дамове (Дамова аб Фондзе), якая будзе ўзгоднена ў перамовах неадкладна пасля заключэння гэтай Двухбаковай дамовы. Максімальны працэнт валодання ўласным капіталам і фінансавымі інтарэсамі Фонду, які будзе належаць Ураду Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама паўнамоцтвы прадстаўнікоў Ураду Злучаных Штатаў Амерыкі ў прыняцці рашэнняў, будуць у межах, дазволеных дзейным заканадаўствам Злучаных Штатаў.
Ні адзін з Удзельнікаў не будзе прадаваць, перадаваць або іншым чынам непасрэдна ці ўскосна адчужаць любую частку сваёй долі ў Фондзе без папярэдняй пісьмовай згоды другога Удзельніка. - Фонд будзе збіраць і рэінвеставаць даходы, што ўносяцца ў Фонд, за выключэннем расходаў, панесеных Фондам, і зарабляць даход ад будучай манетызацыі ўсіх адпаведных прыродных рэсурсных актываў, што з'яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю Украіны (незалежна ад таго, ці яны знаходзяцца ў прамой ці ўскоснай дзяржаўнай уласнасці Украіны), як вызначана ў раздзеле 3.
- Урад Украіны будзе ўносіць у Фонд 50% усіх паступленняў, атрыманых ад будучай манетызацыі ўсіх адпаведных прыродных рэсурсных актываў, што з'яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю Украіны (незалежна ад таго, ці яны знаходзяцца ў прамой ці ўскоснай дзяржаўнай уласнасці Украіны), вызначаных як радовішчы карысных выкапняў, вуглевадародаў, нафты, прыроднага газу і іншых здабыўных матэрыялаў і іншай інфраструктуры, адпаведных да прыродных рэсурсных актываў (такіх, як тэрміналы скрапленага прыроднага газу і партовая інфраструктура) па згодзе абодвух Удзельнікаў, як можа быць дадаткова апісана ў Дамове аб Фондзе. Каб пазбегнуць сумневаў, такія будучыя крыніцы паступленняў не ўключаюць цяперашнія крыніцы паступленняў, якія ўжо ўваходзяць у склад агульных даходаў бюджэту Украіны. Часовыя рамкі, аб'ём і стабільнасць унёскаў будуць вызначаны далей у Дамове аб Фондзе.
Па сваім уласным меркаванні Фонд можа пераводзіць або вяртаць Ураду Украіны фактычныя выдаткі, панесеныя за новаўтворанымі праектамі, ад якіх Фонд атрымлівае даходы.
Унёскі, зробленыя ў Фонд, будуць рэінвеставацца не радзей, чым адзін раз на год, у Украіне з мэтай садзейнічання бяспецы, абароне і працвітанню Украіны, што будзе дадаткова вызначана ў Дамове аб Фондзе. Дамова аб Фондзе таксама будзе ўключаць палажэнні адносна будучых дывідэндаў. - У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Злучаных Штатаў Амерыкі, Урад Злучаных Штатаў Амерыкі будзе падтрымліваць доўгатэрміновыя фінансавыя абавязацельствы для развіцця стабільнай і эканамічна паспяховай Украіны. Далейшыя ўнёскі могуць складацца з сродкаў, фінансавых інструментаў і іншых матэрыяльных і нематэрыяльных актываў, крытычна важных для аднаўлення Украіны.
- Інвестыцыйны працэс Фонду будзе распрацаваны так, каб інвеставаць у праекты ва Украіне і прыцягваць інвестыцыі для павелічэння развіцця, апрацоўкі і манетызацыі ўсіх дзяржаўных і прыватных актываў, уключаючы наступнае, і не толькі гэта: радовішчы карысных выкапняў, вуглевадародаў, нафты, прыроднага газу і іншых здабыўных матэрыялаў, інфраструктуру, парты і дзяржаўныя прадпрыемствы, як можа быць дадаткова апісана ў Дамове аб Фондзе. Урад Злучаных Штатаў Амерыкі і Урад Украіны маюць намер, каб інвестыцыйны працэс прывёў да стварэння магчымасцей для размеркавання дадатковых сродкаў і большага рэінвеставання для забеспячэння дастатковага паступлення капіталу для аднаўлення Украіны, як будзе вызначана ў Дамове аб Фондзе.
Удзельнікі захоўваюць за сабой права ажыццяўляць неабходныя дзеянні для абароны і максімізацыі каштоўнасці сваіх эканамічных інтарэсаў у Фондзе. - Дамова аб Фондзе ўключыць адпаведныя заявы і гарантыі, у тым ліку неабходныя для забеспячэння таго, каб любыя абавязацельствы, якія Урад Украіны можа мець перад трэцімі бакамі, або такія абавязацельствы, якія ён можа ўзяць на сябе ў будучыні, не выклікалі продажу, перамяшчэння, перадачы, закладу ці іншых абцяжаранняў унёскаў Ураду Украіны ў Фонд, або актываў, ад якіх паходзяць такія ўнёскі, або распараджэння сродкамі з боку Фонду.
Пры распрацоўцы Дамовы аб Фондзе Удзельнікі імкнуцца пазбягаць канфліктаў з абавязацельствамі Украіны ў межах яе ўступлення ў Еўрапейскі Саюз або яе абавязацельствамі па дамоўленасцях з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі і іншымі афіцыйнымі крэдыторамі. - Дамова аб Фондзе прадугледжвае, у тым ліку, прызнанне таго, што як сама Дамова аб Фондзе, так і дзейнасць, прадугледжаная ў ёй, маюць камерцыйны характар.
Дамова аб Фондзе падлягае ратыфікацыі Парламентам Украіны ў адпаведнасці з Законам Украіны «Аб міжнародных дамовах Украіны». - У Дамове аб Фондзе будзе нададзена асаблівая ўвага механізмам кантролю, якія перашкаджаюць аслабленню, парушэнню або абыходу санкцый і іншых абмежавальных мер.
- Тэкст Дамовы аб Фондзе будзе неадкладна распрацаваны рабочымі групамі пад кіраўніцтвам упаўнаважаных прадстаўнікоў Урада Украіны і Урада Злучаных Штатаў Амерыкі. Кантактнымі асобамі, адказнымі за падрыхтоўку Дамовы аб Фондзе на аснове гэтай Двухбаковой дамовы, з'яўляюцца: ад Урада Злучаных Штатаў Амерыкі: Міністэрства фінансаў; ад Урада Украіны: Міністэрства фінансаў і Міністэрства эканомікі.
- Гэта Двухбаковая дамова і Дамова аб Фондзе складуюць непадзельныя элементы архітэктуры двухбаковых і шматбаковых дамоўленасцяў, а таксама канкрэтныя крокі для ўсталявання працяглага міру, умацавання эканамічна-бяспечнай устойлівасці і адлюстравання мэт, вызначаных у прэамбуле гэтай Двухбаковой дамовы.
Урад Злучаных Штатаў Амерыкі падтрымлівае намаганні Украіны атрымаць гарантыі бяспекі, неабходныя для стварэння працяглага міру. Удзельнікі будуць імкнуцца вызначыць любыя неабходныя крокі для абароны ўзаемных інвестыцый, як вызначана ў Дамове аб Фондзе. - Гэта Двухбаковая дамова з'яўляецца абавязковай для выканання і будзе выконвацца кожным Удзельнікам у адпаведнасці з іх унутранымі працэдурамі. Урад Злучаных Штатаў Амерыкі і Урад Украіны абавязваюцца неадкладна прыступіць да правядзення перамоў адносна Дамовы аб Фондзе.
Падпісана на англійскай і ўкраінскай мовах, Абодва тэксты з'яўляюцца роўна аўтэнтычнымі.
Ад Урада Злучаных Штатаў Амерыкі: Міністр фінансаў Скот К.Г. Бэсэнт.
Ад Урада Украіны: Першы віцэ-прэм'ер-міністр Украіны — Міністр эканомікі Юлія Свірідэнка.
Каментары
Падтрымлівае(!)...Намаганні(!!)...Атрымаць(!!!) гарантыі