Выбары-20205151

Нацбанк увёў у Белгазпрамбанку часовую адміністрацыю на чале з Ермаковай

Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе Нацбанка.

«У мэтах абароны інтарэсаў ўкладчыкаў і крэдытораў адкрытага акцыянернага таварыства «Белгазпрамбанк» (ААТ ˮБелгазпрамбанк»), недапушчэння пагаршэння яго фінансавага стану пастановай праўлення Нацбанка ад 14 чэрвеня прынята рашэнне аб увядзенні з 15 чэрвеня часовай адміністрацыі па кіраванні банкам», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Такая мера прынята на падставе артыкулаў 94, 97, 134, 134-1 Банкаўскага кодэкса Беларусі з улікам інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю аб завядзенні Дэпартаментам фінансавых расследаванняў у дачыненні да службовых асоб ААТ «Белгазпрамбанк» крымінальных спраў па частцы 3 артыкула 235 «Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» і частцы 2 артыкула 243 «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў (збораў)» Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Кiраўнiком часовай адміністрацыі па кіраванні ААТ ˮБелгазпрамбанк» прызначаная Надзея Ермакова, якая ўзначальвала Нацбанк у 2011-2014 гадах і пакінула пасаду, не здолеўшы даць рады валютнаму крызісу.

Паўнамоцтвы праўлення ААТ ˮБелгазпрамбанк» на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпыненыя.

Нагадаем, што Белгазпрамбанк з 2000 па май 2020 год узначальваў Віктар Бабарыка, які кінуў выклік Лукашэнку на выбарах 2020 года. 12 мая Бабарыка пакінуў пасаду кіраўніка банка. В.а. стаў Кірыл Бадзей.

11-13 чэрвеня сілавікі абшукалі галаўны офіс Белгазпрамбанка і яго рэгіянальную сетку. У выніку затрыманыя 15 чалавек, у тым ліку намеснікі старшыні праўлення банка.

Больш за 99% акцый Белгазпрамбанка належаць расійскім кампаніям: Газпраму і Газпрамбанку. У пятніцу Газпрам назваў дзеянні Беларусі ў дачыненні Белгазпрамбанка незаконнымі. Віктар Бабарыка назваў падзеі рэйдарскім захопам.

Ператрусы ў Белгазпромбанку, менеджарам якога доўгі час быў Віктар Бабарыка, і ў кампаніях сяброў Бабарыкі, адбыліся 11 чэрвеня. Ні пра якія прэтэнзіі да гэтых кампаній не было вядома, пакуль гэты банкір і мецэнат не заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Ён сышоў у адстаўку з банка ў дзень, калі заявіў пра свой намер балатавацца.

Сам Бабарыка назваў дзеянні сілавікоў і заявы Лукашэнкі ціскам на сябе.

«Уся мая дзейнасць, якая праходзіла на пасадзе кіраўніка Белгазпрамбанка цягам 20 гадоў, не выклікала заўваг з боку праваахоўных органаў, — сказаў ён 11 чэрвеня. — Мы праходзілі ўсе праверкі, у тым ліку Нацбанка. Апошняя — у студзені. Ні разу пытанняў не было. Дзеянні сённяшняга дня носяць замоўны характар», — сказаў ён.

Ён заклікаў праваахоўныя органы трымацца законнасці.

«Я чакаў ціску на мяне, і была інфармацыя, што ўдар будзе па мне. Але тое, што адбылося, паказвае, што супраць мяне нічога няма. Я гатовы да гэтага», — кажа Бабарыка.

«Увесь цынізм такіх дзеянняў у тым, што яны накіраваныя не на мяне, а накіраваныя на маіх сяброў і людзей, з якімі я працаваў, — адзначыў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ў сваім звароце. — Чаму гэта зроблена? Бо прамога кампрамату на мяне няма і ў іх ёсць вялікая надзея, што людзей запалохаюць, прымусяць казаць няпраўду і агаворваць другіх людзей.

Я магу з дакладнасцю заявіць, што адзінымі правільнымі паводзінамі і адказам у гэтай сітуацыі, адказам на гэтае бязмежжа з'яўляецца працяг нашай барацьбы.

Я хачу звярнуцца да ўсіх тых, хто ўжо падвергся допытам, пераследам і выклікам ва ўпаўнаважаныя органы.

Не бойцеся казаць праўду. Не кажыце хлусню, не агаворвайце сябе і іншых людзей. Калі трэба, я спадзяюся, што сумленныя людзі заўсёды акажуць вам дапамогу — як юрыдычную, так і матэрыяльную», — заявіў Бабарыка.

Атакі на Бабарыку абвастрылі танальнасць яго выступаў.

«Самая вялікая памылка ў гэтых дзеяннях улады ў тым, што той Беларусі, якая была раней і якую яны папіхалі як свой статак, больш не існуе. Беларусь прачнулася. І я хачу сказаць, што новая Беларусь змяце рэшткі гэтага старога рэжыму», — сказаў ён у відэазвароце. 

Пераслед калег Віктара Бабарыкі пачаўся, калі стала вядома, што яго ініцыятыўная група сабрала рэкордную для альтэрнатыўнага кандыдата колькасць подпісаў — 335 001 па стане на сёння.

Раней максімум — 217 тысяч — сабраў у 1994-м, яшчэ на свабодных выбарах, Зянон Пазняк. У Аляксандра Мілінкевіча ў 2006-м было 198 тысяч. У Сямёна Домаша ў 2001-м — 164 тысячы.

Таксама і шэраг апытанняў паказаў, што менавіта Віктар Бабарыка мог бы стаць фаварытам сумленных выбараў. 

Бабарыка спрабуе выбудаваць шырокую антылукашэнкаўскую кааліцыю з удзелам самых розных сілаў. Яго кандыдатуру падтрымала таксама нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Каментары51

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа24

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі будуюць чатыры буйныя пляцоўкі чакання каля мяжы2

Міколу Статкевіча трымаюць у рэжыме інкамунікада ўжо 800 дзён3

Чыноўнікі МАРГ праверылі сховішчы з агароднінай і кажуць, што ўсё нармальна

Жыватворны агонь даставяць у Мінск з Масквы заўтра раніцай3

22-гадовы віцябчук, якога асудзілі за графіці пра 3%, загінуў у аўтакатастрофе пад Пецярбургам2

Гарачую ваду пачнуць адключаць у маі ў Мінску: ёсць першыя адрасы2

У Крамлі далі зразумець, што Вашынгтон выступае не з тымі прапановамі4

У Гродне МАЗ пайшоў пад ваду ў кар’еры, які засыпаў ВІДЭА2

У Мінску ўрачыста адкрыўся байкерскі сезон — заездам сотняў матацыклістаў ФОТЫ10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа24

Як склаўся лёс выпускнікоў, якімі журфак ганарыўся 10 гадоў таму? Гісторыя аднаго ўрачыстага калажа

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць