«Цяпер я бачыў усё». На Гомельшчыне ездзіў аўтамабіль са званамі. У гледачоў узнікла пытанне да ДАІ
У тыктоку з'явілася відэа, знятае ў нядзелю ў Гомелі. Кадры з арыгінальным «званамабілем» набралі больш за 170 тысяч праглядаў і тысячы лайкаў. Але ў некаторых гледачоў узнікла важнае пытанне, заўважыў Тelegraf.news.

На відэа бачна, як фургон з адкрытым кузавам, на якім усталявалі званіцу і пасадзілі званара, у суправаджэнні машыны ДАІ едзе па вуліцах Гомеля.
Некаторыя каментатары напісалі, што велікодны аўтамабіль вельмі падобны на «папамабіль». «Наш адказ папе рымскаму», — напісаў адзін з гледачоў.
Яшчэ нехта пажадаў замовіць такое аўто сабе на дом: «А ў дзяржпаслугах можна аформіць Вялікдзень на выезд?»
Зрэшты, у многіх гледачоў узніклі пытанні да выканання ПДР картэжам. Іх, відаць, здзівіла, што званара пасадзілі ў адкрытым кузаве грузавога фургона, хоць па ПДР перавозка ў такіх выпадках забаронена.
«Хіба гэта не парушэнні ПДР?» — прасіла адна з глядачак.
«Ну так, тут рамень бяспекі не патрэбны», — з сарказмам заўважыў адзін з падпісчыкаў.
«На штрафстаянку суправаджэнне?» — спытаў іншы.
«ПДР выйшлі з чата», — пажартаваў яшчэ адзін глядач.
Нехта адказаў, што ў суправаджэнні ДАІ так можна, але не прывёў ніякіх доказаў з ПДР.
«Цяпер я бачыў усё», — хтосьці падсумаваў убачанае.
Згодна з артыкулам 23 ПДР РБ, праезд у кузаве грузавога аўтамабіля з бартавой платформай або ў кузаве-фургоне, не абсталяваных для перавозкі пасажыраў, дазваляецца толькі асобам, якія едуць за атрыманнем грузу або суправаджаюць яго, пры ўмове, што яны забяспечаны месцамі для сядзення, размешчанымі ніжэй за ўзровень бартоў.
Каментары