«Ідэолагаў шмат, а на гаспадарку паставіць няма каго». Лойка пракаментавала прызначэнне Караева
У новым аналітычным выпуску ТОКу эканамічная аглядальніца Вольга Лойка выказала свой погляд на прызначэнне Юрыя Караева старшынёй Гродзенскага аблвыканкама і згадала сваю сустрэчу з ім у жніўні 2020-га.

На погляд Вольгі Лойка, апошнія кадравыя прызначэнні кіраўнікоў выканаўчай улады ў абласцях выглядаюць дзіўнымі:
«Новага губернатара [Міншчыны] мы не можам пакуль вывучыць. Нават проста таму, што чалавек з «Белтопгазу» зусім ніяк не звязаны з публічнай палітыкай. (…) Значыць лаўка сапраўды кароткая».
Па словах Лойкі, Юрый Караеў на новай пасадзе таксама
«глядзіцца трохі так дзіўнавата. Чалавек, які безумоўна з міністэрскім вопытам, але вось работа з людзьмі…»
Былая журналістка TUT.BY згадала сваю сустрэчу з Караевым 16 жніўня 2020 года. У той час ён займаў пасаду міністра ўнутраных спраў.
«Мы з ім стаялі, чакалі выступлення Лукашэнкі на праўладным мітынгу. Я цяпер разумею, што гэта была мая апошняя нармальная журналісцкая «праца ў полі». Калі я, пабачыўшы самотнага высокага чыноўніка, будучы ў камізэльцы, з бэджыкам, абазначаная цалкам як карэспандэнт TUT.BY, падышла да Юрыя Хаджымуратавіча і задала цалкам нармальныя пытанні, тое, што мяне хвалявала ў той момант.
Яго гэта таксама хвалявала.
Але ён не крычаў пра інсінуацыі, а ў цэлым дастаткова нервова, але падрабязна і ўцямна адказваў на мае пытанні. Не цягнуў мяне ў кутузку, не крычаў, што гэта сабатаж, а атрымаўшы складаныя пытанні, адказваў на іх. Так, у сваёй дастаткова спецыфічнай манеры высокага міліцэйскага чыноўніка, але адказваў. І гэта было нармальна, і гэта было можна.
Я цяпер думаю, можа, трэба было адысці ад яго, не падыходзіць увогуле. А на той момант гэта была нармальная журналісцкая ўдача. Ты ідзеш, стаіць адзінокі Караеў, ты задаеш пытанні, атрымліваеш адказы».

Лойка згадвае, што з прызначэннем Караева міністрам унутраных спраў у 2019-м годзе шмат хто звязваў надзеі на «новы імідж міліцыі», але «потым нешта пайшло не тое».
«Лаўка кароткая. Таму даводзіцца задзейнічаць [і Караева]. Я не здзіўлюся, калі і [яшчэ аднаго былога міністра ўнутраных спраў] Шуневіча куды-небудзь «па гаспадарчай лініі» пачнуць прасоўваць. Таму што ідэолагаў шмат, а на гаспадарку паставіць няма каго», — лічыць аглядальніца.
Глядзіце цалкам:
Каментары
Ещё не поздно поступить учиться в Белорусскую сельскохозяйственную академию.