Культура

«СССР вярнуўся». Калі выйдзе фільм пра Купалу? Пагаварылі з яго рэжысёрам Уладзімірам Янкоўскім

Уладзімір Янкоўскі паходзіць са знакамітай кінематаграфічнай сям'і. Ён сын вядомага акцёра Расціслава Янкоўскага, пляменнік славутага Алега Янкоўскага. Уладзімір Расціслававіч здымаў шмат кліпаў і серыялаў, а ў 2019 годзе зняў на «Беларусьфільме» стужку пра Янку Купалу. Пасля падзей 2020 года фільм лёг на паліцу. Калі «Купала» выйдзе і ці выйдзе ўвогуле? Як сёння працягваць здымаць серыялы для расійскіх каналаў? Увогуле, як жыць? На гэтыя пытанні Уладзімір Янкоўскі адказаў праекту «1906».

Уладзімір Янкоўскі. Скрыншот: АНТ

1906: Самае галоўнае пытанне — што з фільмам, што з «Купалам»? Чаму яго не паказваюць?

Уладзімір Янкоўскі: Правы на «Купалу» ў «Беларусьфільма», і колькі я ні спрабаваў цікавіцца, мне тонка намякалі: пакуль фільму не дазволена выходзіць на экраны.

1906: А па якіх прычынах не дазволена?

УЯ: Не тлумачылі. Можа быць, фільм надта актуальны для апошняга часу, не ведаю. Божа, ды ўсё ж і так зразумела, усе ж дарослыя людзі.

1906: Не намякалі, што, можа, у 2023 усё ж пакажуць ці яшчэ калі?

УЯ: Пакуль не. Але ведаю, што серыяльную версію дарабілі, скончылі працу з гукам, графікай і чатыры серыі для тэлебачання гатовыя. Але ляжаць, чакаюць свайго часу.

1906: На вашу персанальную думку — у фільме ёсць нейкая крамола, фронда?

УЯ: (рассмяўся) Я рабіў гістарычнае кіно. Кіно пра ўзаемаадносіны мастака і ўлады. Напэўна, гэта актуальна і па сёння. 

На здымках «Купалы». Фота Сяргея Гудзіліна

1906: У 2020 годзе «Купалу» ўсё ж паказалі, але ў Маскве, на фестывалі кіно краін Садружнасці. Як прынялі там фільм?

УЯ: Прынялі вельмі добра, апладзіравалі хвілін 15. Гэта была прэм’ера, дарэчы. Фільм паказвалі там па-за конкурсам, але ён усім вельмі спадабаўся, нават атрымаў прыз «Падзея года». 

Гэта было яшчэ падчас кавіду, калі ў Маскве былі вельмі моцныя абмежаванні па колькасці гледачоў у кіназалах. На прэм’еры «Купалы» ў тысячнай залі было ўсяго каля 250 гледачоў.

1906: Хтосьці быў з беларускіх творцаў ці чыноўнікаў?

УЯ: Была частка нашай здымачнай групы, дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Міхайлавіч Карачэўскі. 

1906: Як ацаніў стужку Карачэўскі? 

УЯ: Ён жа генеральны прадзюсар, бачыў яе сто разоў і на ўсіх стадыях: і працоўную версію, і перадмантажную. Карачэўскі вельмі любіць гэты фільм, ганарыцца ім.

1906: Падчас здымак ці падчас мантажу былі просьбы «зверху», каб нешта прыбраць, нешта памяняць? 

УЯ: Вы здзівіцеся зараз. Праект курыраваўся Адміністрацыяй прэзідэнта, і ў мяне былі тры сустрэчы з Максімам Рыжанковым. Першы раз, калі зацвярджалі акцёраў, бо было патрабаванне, каб гралі толькі беларускія акцёры. Другі раз, калі паказвалі трэйлер, а трэці, калі ў Міністэрстве культуры прымалі працоўную версію фільма.

І заўсёды ўсе былі ў захапленні ад фільма, казалі, што ўсё вельмі добра. Мне ніхто ніколі не перашкаджаў, не ставіў палкі ў колы, не было ніводнай заўвагі. 

Уладзімір у ролі настаўніка Янкі Купалы Браніслава Эпімаха-Шыпілы, у якога паэт жыў у Пецярбургу. Фота: архіў «Камсамольскай праўды»

Ніхто нічога і ніколі. І гэта вельмі здзівіла, бо яшчэ да пачатку здымак мне некаторыя казалі: навошта ты бярэшся, цябе ж прымусяць усё рабіць інакш, навяжуць сваё… 

Але я сам перарабіў сцэнар з нуля — гэта было ўмовай, каб я пагадзіўся здымаць фільм. І сцэнар цалкам быў перароблены за тры месяцы, цалкам, гэта зусім не той сцэнар, які быў прыняты Мінкультуры. 

1906: А што памянялі ў сцэнары, чаму, што вас не задаволіла? 

УЯ: Прэтэнзіі былі творчыя, мне не падабалася форма, не падабалася, як расказваецца гісторыя. Я гэта перапрацаваў, зрабіў інакш, дадаў, напрыклад, начную размову Купалы з маці перад яго смерцю, сны, мроі. Але гістарычныя факты, натуральна, ніхто не чапаў.

1906: Як вам, дарэчы, Рыжанкоў, якое пакінуў уражанне? Як чалавек, як чыноўнік? 

УЯ: Як чалавека я яго не ведаю. Магу сказаць хіба, што ён вельмі цёпла ставіўся і да мяне, і да фільма. Фільм ён успрыняў з захапленнем.

Гэта вельмі прыемная і дзіўная рэч, бо, шчыра скажу, чакаў іншага. 

Але пасля раптам цішыня, затым адмова ад прэм’еры адна, пасля другая, пасля пераносы… Ну і астатняе ўсе ведаюць. 

1906: Вы здымалі ў эпізодах рэдактароў «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко…

УЯ: Так, яны будуць у фільме, але ж не ў поўнай версіі, а ў серыяльнай. Бо серыял даўжэйшы, знялі вельмі шмат матэрыялу, усё ў фільм не ўставіш. Там больш цікавых сцэн: і дзяцінства, і эвакуацыя з Вільні… Шмат чаго.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч у грыме падчас здымак у фільме. Сёння Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко за кратамі, па надуманым абвінавачванні яны былі асуджаныя на 2,5 гада кожны

І я ж у фільме зняў шмат вядомых людзей сучаснай Беларусі, каб было такое перакліканне з мінулым. Зняў у маленькіх ролях і Цэслера, і Курэйчыка, і іншых. Хацелася зрабіць такі букет сучаснай беларускай інтэлігенцыі, здаецца, атрымалася. Калі фільм нарэшце выйдзе, усе ўсё ўбачаць.

Увогуле, фільм зараз жыве нейкім самастойным жыццём, жыве сам, без мяне. Я нават не разумею, але ён як жывы арганізм. І канечне, раней ці пазней яго людзі ўбачаць. У кепскай копіі працоўнай версіі ўжо на ўсіх сайтах каля 8 мільёнаў праглядаў! 

1906: Бо ўсе чакалі нарэшце нейкі цікавы праект, а не «Мы, браты».

УЯ: Так, спадзяюся, дачакаемся сапраўднай прэм’еры.

1906: А вы сочыце за навінамі, ведаеце лёс Марціновіча і Скурко, якія атрымалі па 2,5 года калоніі?

УЯ: Канечне, ведаю. Што тут скажаш — сумна гэта ўсё. Усё ж усім зразумела. 

1906: Вы зараз на здымках — што здымаеце?

УЯ: Здымаю серыялы, зараз здымаем баявік «Чёрный пёс» з Уладзімірам Епіфанцавым, ужо трэці сезон. 

1906: Як вам сённяшняя Расія?

УЯ: Вы зараз дзе? Бо я — тут, у Беларусі, і ад мяне залежыць праца вялікай колькасьці народу. Таму давайце без правакацыйных пытанняў. Я заўсёды кажу тое, што думаю, але не хачу падстаўляць людзей, не хачу, каб закрылі праект. Таму не хацелася б гаварыць на гэтую тэму. 

1906: Прабачце, але як вы даведаліся пра пачатак вайны? Ці верылі, што такое магчыма? 

УЯ: Даведаўся, як і ўсе, з навінаў. Што магчыма — не верыў. І не магу паверыць і зараз.

1906: Вы працуеце на расійскіх каналах — чаму? Бо няма іншай магчымасці зарабляць? 

УЯ: Бо, натуральна, трэба есці, карміць сям’ю. І я ж раблю нейтральнае кіно, яно без палітыкі. Забаўляць людзей усё роўна ж трэба. 

1906: Зараз шмат каго з вядомых актораў, рэжысёраў, спевакоў упікаюць у маўчанні. Чаму творчыя людзі сёння баяцца выказвацца? 

УЯ: Мяне персанальна няма ў сацсетках. Я кажу тое, што думаю, але я разумею, што на дадзены момант ад мяне залежыць вельмі шмат іншых людзей.

А чаму маўчаць творчыя людзі ў прынцыпе? Бо хочуць есці. Бо разумеюць, што ў іх забяруць хлеб адразу, забароняць працаваць. Гэта ж відавочна. 

Яны маўчаць так жа, як маўчаць і простыя абывацелі.

1906: Але складваецца ўражанне, што многія «простыя абывацелі» якраз вельмі актыўна падтрымліваюць тое, што адбываецца ва Украіне.

УЯ: Гэтаму верыць не вельмі варта. Не думаю, што гэта так.

1906: Вы са славутага акцёрскага роду Янкоўскіх. Самі сябе адчуваеце кім — беларусам ці рускім?

УЯ: Увогуле, карані ў нас польскія. Але жылі ў Беларусі і я лічу сябе беларусам, вельмі люблю гэтую краіну і ніколі не хацеў адсюль з’язджаць.

А пасля таго як я здымаў «Купалу», даведаўся ўсю шматпакутную гісторыю гэтай краіны і народа, я ўвогуле ўвесь тут, у Беларусі. Мяне гэта ўсё вельмі кранула і я з вялікім болем стаўлюся да нашай гісторыі.

Янка Купала з фільма Янкоўскага. Фота Сяргея Гудзіліна

1906: Не думалі пра эміграцыю?

УЯ: На гэта няма і грошай, але няма і жадання. Люблю сваю краіну, якой бы яна ні была.

1906: Як вам жывецца ў сённяшняй Беларусі? 

УЯ: Я нарадзіўся ў 1960 годзе. 30 гадоў жыў пра Савецкім Саюзе і для мяне гэтыя ўмовы ўжо звыклыя, скажам так. 

1906: Сёння шмат меркаванняў, што СССР вяртаецца. Па вашых адчуваннях гэта сапраўды так?

УЯ: Ён не вяртаецца, ён ужо вярнуўся. Засталося трошкі капіталізму, але ж астатняе ўжо тут.

1906: Ваш бацька, Расціслаў Янкоўскі, быў яшчэ жывы ў 2014 годзе. Як ён успрыняў далучэнне Крыма да Расіі? 

УЯ: Мой тата быў заўсёды савецкім чалавекам, выхаваным на той культуры і ідэалогіі. Таму ён усё гэта ўспрымаў, як усе простыя людзі: наперад і «ура».

1906: Чаму Беларусь не можа пабудаваць свой цікавы кінематограф? Небагатыя краіны кшталту Румыніі, Грэцыі маюць вядомыя імёны і фільмы, а мы ўсё ніяк. Чаму?

УЯ: Бо няма свабоды, няма школы, няма ўмоў. На жаль.

Усе прафесіяналы ў свой час ехалі ў Расію, бо там былі грошы. У Беларусі грошай не было — і ў выніку засталося тое, што засталося. Кінастудыя маўчала, была ў застоі 12-15 гадоў. 

Я сам здымаў кліпы, на іх адпрацоўваў майстэрства.

З часам нешта заварушылася, але было вельмі слабое, як самадзейнасць. Бо старыя майстры сыходзілі, а новыя вырасталі з нуля. Шмат прычын гэтаму: кіно не культывавалася, ніхто не хацеў ім прафесійна займацца. Але галоўнае — няма нармальнай кінашколы, ніхто не вучыць прафесіяналізму, на жаль. Яе не было ў СССР, няма і цяпер. Бо ў Расіі хаця б ёсць ВГІК (Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі), гэта добрая школа.

Як было ў СССР: у Беларусь накіроўвалі спецыялістаў якраз з ВГІКа. Гэта ўсё былі прафесіяналы.

1906: Вы як рэжысёр і як глядач можаце адзначыць якую-небудзь беларускую стужку за апошнія 10 гадоў?

УЯ: На жаль, не, нічога цікавага не назаву.

1906: За 20 гадоў?

УЯ: Не, на жаль, няма нічога. 

У беларускім кіно савецкіх часоў мне падабаўся Валерый Рубінчык, ён цікавы мастак. 

Добрыя фільмы здымаў казачнік Нячаеў, які зняў «Бураціна», «Чырвоны капялюш» і шмат іншых.

1906: А з сучаснага кіно, што вас зачапіла?

УЯ: У кіно цяпер, на маю думку, вялікі крызіс, усё лепшае сышло ў серыялы. І серыялы ёсць вельмі крутыя. Вельмі люблю «Нашчадкаў» («Succession»), «Озарк», «Карону»… Іх дзясяткі. Проста фантастычныя рэчы і ўзровень драматургіі, як у падобных серыялах, амаль не знойдзеш у сучасным поўнаметражным кіно. Таму пацвярджэнне — апошні «Оскар». Там былі вельмі сярэднія стужкі, іх проста не хочацца глядзець.

1906: А хоць нешта з сучаснай беларускай культуры вас зацікавіла? Можа быць, нешта з сучаснай музыкі альбо літаратуры?

УЯ: Мяркую, што застой — гэта калі нічога ніадкуль не выцякае. А зараз менавіта вялікі застой у культуры. У беларускай культуры ён увогуле цягнецца вельмі даўно. 

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

«Я мару вярнуцца не проста ў Беларусь, а ў родны Бабруйск». Тыктокер Мікіта Бялевіч пра ад’езд, жонку і беларускамоўны кантэнт

Вярнулася ў Беларусь з Літвы — цяпер пагражае 20 гадоў за тэрарызм. Расказваем пра Алесю Буневіч і падрабязнасці яе затрымання

Каментары

Цяпер чытаюць

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў20

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў

Усе навіны →
Усе навіны

Леснікам дазволяць прыватызаваць арэнднае жыллё1

Маск гатовы пакінуць пасаду, бо «стаміўся ад нападак левых»16

Таямнічае гняздо знайшлі ў лесе пад Старымі Дарогамі. Што гэта можа быць?6

Расія можа напасці на Еўропу ўжо ў 2027 годзе18

Колькі зарабіла кампанія Баскава на мерчы Лукашэнкі11

59-гадовага педагога са Столінскага раёна абвесцілі «тэрарыстам»7

У дом да жанчыны завіталі два ветлівыя алігатары і нават паспрабавалі пазваніць у дзверы4

Як выбіраюць Папу Рымскага: сакрэты канклава і старажытнай сістэмы галасавання

Сказаў «дзякуй» чату джыпіці — і кампанія ўлятае на дзясяткі мільёнаў даляраў12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў20

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць