Пры Трампе колькасць замежных турыстаў у ЗША ўпала на 12%
Пры адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа колькасць замежных турыстаў у Злучаных Штатах прыкметна скарацілася: паводле даных Washington Post, у мінулым месяцы яна ўпала амаль на 12% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Фота: Walter Bibikov / Getty Images
Асабліва драматычная сітуацыя з Германіяй: у сакавіку колькасць нямецкіх турыстаў скарацілася на 28 працэнтаў, піша Bild.
Гэта першае значнае скарачэнне турыстычнага патоку пасля пандэміі COVID-19. У лютым зніжэнне складала ўсяго 2%. Эксперты папярэджваюць: калі тэндэнцыя захаваецца, турыстычная індустрыя ЗША можа панесці страты на мільярды долараў.
У сакавіку колькасць турыстаў з Заходняй Еўропы зменшылася на 17%, з Цэнтральнай Амерыкі — на 24%, з Кітая — на 11%.
Прычынай спаду называюць асцярогі наконт праблем на мяжы. Некалькі замежных турыстаў ужо былі затрыманыя пры ўездзе ў краіну, нягледзячы на наяўнасць усіх неабходных дакументаў. Некаторыя з іх правялі дні ці нават тыдні ў установах для дэпартацыі.