БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз адклаў забарону імпарту расійскага звадкаванага газу

16.04.2025 / 22:28

Nashaniva.com

Еўрапейскія чыноўнікі адмовіліся ад уключэння ў новы пакет санкцый супраць Расіі расійскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) з-за рознагалоссяў паміж урадамі і нявызначанасці адносна альтэрнатыў. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на прадстаўнікоў Еўрапейскага саюза.

Калаж: Jonathan Raa/NurPhoto via Getty Images

Чакаецца, што Еўрапейская камісія прапануе 17-ы пакет санкцый супраць Расіі да чэрвеня, хоць суразмоўцы Reuters адзначаюць, што праца над ім прасоўваецца вельмі павольна.

Апошні раз Еўракамісія абмяркоўвала магчымую забарону імпарту расійскага ЗПГ з урадамі ЕС у студзені падчас падрыхтоўкі 16-га санкцыйнага пакета.

Раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова заяўляў, што хоча, каб ЕС купляў больш амерыканскага газу. Паводле інфармацыі Reuters, у Брусэлі разглядаюць гэта як магчымы рычаг у перамовах, каб пераканаць Белы дом знізіць мытныя тарыфы.

Адзін з суразмоўцаў агенцтва расказаў, што Еўракамісія не хоча рызыкаваць стратай расійскага ЗПГ, каб не саступіць пазіцыі ў перамовах з ЗША. Акрамя таго, Еўракамісія і ўрады ЕС асцерагаюцца трапіць у новую залежнасць ад Злучаных Штатаў, якія з'яўляюцца трэцім па велічыні пастаўшчыком газу ў ЕС пасля Расіі і Нарвегіі, дадае Reuters.

Еўрапейскія чыноўнікі маюць намер прыняць новую дарожную карту адмовы ад расійскіх энергарэсурсаў да 2027 года. План павінны абвясціць у маі.

Чытайце таксама:

Еўрапейскія кампаніі з-за палітыкі Трампа могуць вярнуцца да супрацоўніцтва з «Газпрамам»

Лукашэнка хоча пабудаваць другую АЭС на патрэбы Расіі і акупаваных украінскіх тэрыторый. Але яго чакае сюрпрыз

«Рускія і амерыканцы пляскаюць у ладкі». Масква, Берлін і Вашынгтон абмяркоўваюць аднаўленне паставак сыравіны ў Германію на НПЗ «Раснафты»

Да канца года пад Мінскам адкрыюць завод па вытворчасці звадкаванага газу

Каментары да артыкула