У Нацбанку патлумачылі, чаму ў некаторых выпадках нельга аплаціць смартфонам
Раней пакупнікі ў Беларусі сутыкнуліся з цяжкасцямі пры аплаце тавараў са смартфонаў.
Такія выпадкі зафіксаваныя, у прыватнасці, у гандлёвай сетцы «Карона» і на запраўках «Беларуснафты». З пачатку красавіка гэтыя пункты часова не прымаюць аплатныя дадаткі, такія як Apple Pay і Samsung Pay, піша Onliner.by.
Як патлумачыў кіраўнік Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка, тэхнічных перашкод з боку беларускіх сістэм няма. Праблема ў палітыцы міжнародных плацежных сістэм, эмітэнтаў банкаўскіх карт і распрацоўшчыкаў саміх мабільных дадаткаў.
Паводле слоў Галоўчанкі, у Беларусі ўжо функцыянуе ўласная сістэма бескантактнай аплаты — «Белкарт Pay». Зараз да яе падключана 19 банкаў, а колькасць карыстальнікаў перавышае 330 тысяч. Чакаецца, што да канца 2025 года «Белкарт Pay» стане даступная ва ўсіх беларускіх банках.
З 1 красавіка «Карона» спыніла прымаць аплату са смартфонаў, а 7 красавіка пра аналагічныя збоі паведамілі кліенты «Беларуснафты». Пра падобную сітуацыю паведамляюць і карыстальнікі «Газпрамнафты». Пакупнікам раяць для аплаты выкарыстоўваць фізічныя банкаўскія карты, наяўныя, а таксама плацежны сэрвіс «Аплаці» або дадатак «Белкарт Pay».