«Ты зноў вучыш мяне быць моцнай і шчаслівай». Наталлі Машэравай — 80 гадоў
Сёння круглую дату адзначае дачка кіраўніка БССР Пятра Машэрава.
Тут і далей — фота з фэйсбука Алены Машэравай
«З Днём нараджэння, Мамачка! Я так марыла абняць цябе ў тваё свята… Марыла проста пагутарыць, марыла паплакаць на тваім плячы, адчуць тваю руку на маіх валасах… Але ты зноў вучыш мяне быць моцнай і шчаслівай — такой, як ты. Ты заўсёды — наша самая моцная і самая прыгожая Мамачка. Якое ж гэта шчасце — што ты ў нас ёсць! З Днём нараджэння, Мамачка!» — напісала ў фэйсбуку яе дачка Кацярына.
Наталля Машэрава нарадзілася 18 красавіка 1945 года ў Вілейцы, дзе тады працаваў яе бацька.
Паводле адукацыі была філолагам, выкладала ў БДУ.
У 2000 годзе была абрана дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Мінска, мікрараёна Захад, прычым яе супернікам быў апальны экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір.
Высоўвала сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах у 2001, ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь была зарэгістраваная, але да завяршэння тэрміна збору подпісаў адклікала сваю заяву. Гаварылі, што лукашэнкаўцы дабіліся гэтага пагрозамі.
Пасля гэтага Наталля Машэрава зусім спыніла любую грамадскую актыўнасць, не адрэагавала нават на перайменаванне праспекта Машэрава ў праспект Пераможцаў у 2004 годзе.
А яшчэ праз пэўны час яна перабралася ў ЗША, дзе жывуць яе дзеці, унукі камуністычнага кіраўніка Беларусі.