Беларусы на Вялікдзень вяртаюцца на радзіму. На польска-беларускай мяжы калапс
Многія беларусы, што жывуць у Еўропе, вырашылі з'ездзіць на Вялікдзень на радзіму. На мяжы пачалі ўтварацца велізарныя чэргі.
Чэргі з аўто і аўтобусаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Фота: belgranica / Telegram
Польшча. Дзясяткі аўтобусаў і сотні машын
Традыцыйна найбольш напружаная сітуацыя на мяжы з Польшчай. Чэргі на ўезд у Беларусь у адзіным дзейным пасажырскім пункце пропуску «Брэст — Тарэспаль» пачалі збірацца яшчэ з сярэдзіны тыдня.
Ужо познім вечарам серады ў чарзе на заезд на тэрыторыю пункта пропуску стаяла больш за 40 аўтобусаў.
Падарожнікі, якія вярталіся з Польшчы ў Беларусь і сталі ў чарзе 43-мі, падзяліліся, што за 20 даляраў знайшлі месца ў другім перад шлагбаумам аўтобусе. Такім чынам на праходжанне мяжы ў іх сышло 7,5 гадзіны.
Скрыншот granica_avtobusom_BY_PL / Telegram
Іншыя пішуць, што на перасячэнне мяжы аўтобусам днём 16 красавіка ў іх пайшло каля 12 гадзін.
Па стане на 11 раніцы 17 красавіка ў чарзе таксама было каля 40 аўтобусаў.
Тыя, хто не можа перасесці, бо іх канчатковы пункт не Брэст, пішуць, што праходжанне мяжы займае каля сутак.
З ростам чаргі расце і цана на падсадку. Калі яшчэ ўчора можна было падсесці за 15 еўра, то сёння стаўка вырасла да 25.
Скрыншот: belgranica / Telegram
Апроч некалькі дзясяткаў аўтобусаў, на польскай мяжы ў бок Беларусі сабралася велізарная чарга з легкавых аўто. Калі раніцай яна была каля 2,7 км да шлагбаума, то ўжо ў абед — каля 3 км. Па стане на 17 гадзін 17 красавіка яна расцягнулася на 3,6 км.
Працягласць чаргі з легкавых аўто па стане на 14:35 па беларускім часе. Фота: скрыншот з тэлеграм-чата.
Для параўнання, у пераднавагоднія святы чарга з легкавікоў дасягала каля 10 кіламетраў.
На выезд з Беларусі ў Польшчу чэргаў няма.
Літва. Чэргі з аўто ў абодва бакі
У кірунку Беларусі перад пунктам пропуску «Каменны Лог» па стане на 16:30 чарга з легкавых аўто пачынаецца адразу за заездам на АЗС. Гэта каля 70 аўто, пішуць у чаце.
Паводле даных на сайце Дзяржпагранкамітэта Беларусі, выезду з Беларусі ў Літву праз «Каменны Лог» таксама чакаюць каля 70 машын.
Чаргі з аўтобусаў няма.
Перад пунктам пропуску «Беняконі — Салечнікі» таксама сабралася чарга з легкавых аўто. Заезду на тэрмінал чакаюць каля 40 машын. З Беларусі ў Літву — каля 50 аўто.
Чаргі з аўтобусаў тут таксама няма.
Нават у пікавыя дні чэргі з аўто на літоўскім кірунку будуць нашмат меншыя, чым на польскім. Бо пасля нядаўных змен на беларускіх нумарах перасякаць мяжу і наогул перасоўвацца па Літве маюць права толькі грамадзяне Беларусі з літоўскімі візамі або ДНЖ, а таксама грамадзяне ЕС.
Латвія
На латвійска-беларускай мяжы чакана без чэргаў. Беларусы, якія ў ноч з 16 на 17 красавіка ехалі на аўто з польскімі нумарамі, справаздачыліся ў чаце, што на праходжанне двух межаў і афармленне страхоўкі ў іх агулам сышло ўсяго 45 хвілін.
Скрыншот: belgranica / Telegram
У Латвіі ў адрозненне ад Літвы дзейнічае татальная забарона на ўезд машын з беларускімі нумарамі, таму перасякаць гэтую мяжу могуць выключна тыя, чыя машына зарэгістраваная ў ЕС.