БЕЛ Ł РУС

Беларусы запусцілі бясплатны бот па пошуку жылля ў Польшчы. У планах Германія і іншыя краіны

12.04.2025 / 23:0

Nashaniva.com

Каманда беларусаў запусціла бясплатны тэлеграм-бот па пошуку жылля ў Польшчы — @Rentai_pl_bot. Ён збірае даныя з платформы анлайн-аб'яў OLX і прадастаўляе варыянты арэнднага жылля па запыце. Пакуль бот працуе толькі па Польшчы, але стваральнікі плануюць пазней пашырыцца на ўвесь Еўрасаюз. Пра гэты праект тэлеграм-канал Dzik Pic пагаварыў з адным са стваральнікаў бота Дзянісам Дыбскім.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Што за бот

Бот выкарыстоўвае натуральную мову для пошуку кватэр. Як тлумачыць Дзяніс, ён «па сутнасці, мае зносіны з нашай базай і аддае вынікі карыстальніку ў выглядзе кароткага апісання і з акцэнтам на тыя параметры, якія яму патрэбныя».

Сутнасць тэхналогіі — вектарны / семантычны пошук, алгарытмічнае фільтраванне і падрабязная перадапрацоўка даных.

Як гэта працуе

Карыстальнік піша на англійскай мове запыт накшталт Show me 3-room apartments in Mokotów with a balcony and pet-friendly («Пакажы мне 3-пакаёвыя кватэры ў Мокотаве з балконам і магчымасцю жыць з хатнімі жывёламі»), і бот дасылае восем адпаведных варыянтаў. Калі трэба больш за восем, то трэба напісаць яшчэ адзін запыт.

На гэты момант у базе 37 тысяч кватэр для арэнды ў Польшчы. У будучыні бот будзе камунікаваць з карыстальнікам, удакладняць дэталі і задаваць дадатковыя пытанні, бо ў кожнай кватэры больш за 100 параметраў — ад балкона да вокнаў на ўсход.

Чаму запыт павінен быць менавіта на англійскай? Таму што гэтая мова пакуль паказала найлепшы вынік у тэстах. Дзяніс Дыбскі тлумачыць, што звесткі збіраюцца на польскай мове з OLX, але затым стандартызуюцца пад англійскую, бо «былі кейсы, калі мова з'яўлялася перашкодай для фінальнай фільтрацыі».

«Пры гэтым OpenAI добра разумее асноўныя еўрапейскія мовы, — дадае ён. — Але мы сутыкнуліся з тым, што вынікі атрымліваюцца дрэннай якасці, калі даныя першапачаткова на адной мове, захоўванне ў базе — на іншай, а запыт — увогуле на трэцяй. Аднак у нас у планах — дазволіць рабіць запыты на польскай, на рускай і на англійскай».

На чым распрацоўшчыкі будуць зарабляць

Бот бясплатны для канчатковых карыстальнікаў і застанецца такім у будучыні. Манетызацыя будзе ісці за кошт іншых бізнэс-мадэляў.

«Мы хочам зарабляць з аналітыкі рынку, розных партнёрскіх гісторый, магчыма, праз камісійныя гісторыі, — тлумачыць Дзяніс. — Калі падключым пошук па нерухомасці на продаж альбо па камерцыйнай нерухомасці і ў нас будзе дастатковы аб'ём трафіку, то зможам ператварыць гэта ў грошы».

Суразмоўца кажа, што ўжо прыкладна падлічыў, у колькі яму будзе абыходзіцца інфраструктура бота. Але ў яго з калегам велізарны досвед у парсінгу даных, і яны ведаюць, як «здабываць досыць вялікі масіў даных умоўна нядорага».

«У мяне ёсць свая інфраструктура, таму часткова мы яе тут перавыкарысталі», — дадае Дзяніс.

Якія планы

«Ідэй шмат, — кажа Дзяніс. — Пры гэтым да нас ужо з'явілася цікавасць з боку парачкі агенцтваў нерухомасці, якія шукаюць інструмент для кіравання і пошуку вялікай колькасці аб'ектаў. Адсюль і з'явіўся запыт пашырыцца на Еўропу. Мы меркавалі, што проста зробім невялікую сістэму на Польшчу, але потым апетыты выраслі. Мы дакладна будзем рабіць бот і на Германію, і на іншыя краіны».

Падключэнне нерухомасці на продаж, па словах Дзяніса, — пытанне пары тыдняў. Цяпер каманда хоча зразумець менавіта недахопы тэхнічнай рэалізацыі.

«Пакуль тэставалі на невялікай групе людзей. Зрабілі некалькі ітэрацый, але разумеем, што ўжо можам запусціць у публічны тэст», — кажа ён.

Чытайце таксама:

«Быццам на іншай планеце». Як беларусы з'язджаюць у эміграцыю ў непапулярныя краіны

Прадуктовы кошык на Вялікдзень у Беларусі і Польшчы — параўнанне цэнаў

За год беларусы набылі ў Польшчы тры тысячы кватэр

«Трэба быць актывістам, каб да цябе прыйшлі». Чаму беларусы вяртаюцца з эміграцыі

Каментары да артыкула