Стала вядома, як будзе выглядаць Валадарка пасля рэканструкцыі
Апублікавалі рэндары таго, як можа выглядаць Пішчалаўскі замак (дзе 200 гадоў была турма, а потым СІЗА) пасля рэканструкцыі. «Мінская спадчына» прыступае да рэканструкцыі былой турмы, размешчанай у цэнтры сталіцы, пішуць Мінск-навіны.
Пасля рэканструкцыі на тэрыторыі былой турмы (СІЗА перабралася ў Калядзічы) застанецца пяць будынкаў: сам замак, аднапавярховы будынак за ім, а таксама аб’екты першай лініі з боку вуліцы Валадарскага, якія цяпер схаваныя за агароджай.
Астатнія будынкі, а таксама плот будуць дэмантаваныя. Тэрыторыя стане адкрытай. На ёй запланавана плошча для масавых мерапрыемстваў, прадугледжана месца для ўстаноўкі мабільнай сцэны. Таксама з’явяцца прагулачная зона і паркоўка.
На цокальным і першым паверхах замка будуць размешчаныя аб’екты грамадскага харчавання з асобнымі ўваходамі. На другім і трэцім паверхах плануюцца адміністрацыйныя памяшканні. Як паведамляюць аўтары канцэпцыі, магчыма, там з’явяцца каворкінг, выставачная галерэя, турыстычнае бюро ці іншыя офісы, арыентаваныя на абслугоўванне кліентаў. Для супрацоўнікаў адміністрацыйнай зоны адкрыюць кафетэрый.
— Забудова звонку нагадвае сцяну замка, але з унутранага боку будуць памяшканні. Дзве аркі-ўваходы — не зусім гістарычна дакладнае рашэнне, але іх пакінуць дзеля зручнасці наведвальнікаў, — распавядае галоўны архітэктар праектаў УП «Мінскпраект» Алег Сяргееў. — У гэтай лініі забудовы плануюцца аб’екты грамадскага харчавання на 54 і 46 месцаў. Там жа размесцяцца адміністрацыя комплексу і яшчэ некалькі офісаў. Таксама прадугледжана асобная грамадская прыбіральня.
Аднапавярховы будынак у далёкай частцы тэрыторыі захоўваецца, але яго памеры будуць зменшаныя да гістарычных. Там з’явіцца рэстаран на 80 месцаў з магчымасцю правядзення банкетаў.
Паводле распрацаванай канцэпцыі будзе створаны праект. Не выключана, што падрыхтоўчыя будаўнічыя работы на тэрыторыі комплексу пачнуцца ўжо сёлета.
Мэта рэканструкцыі — «уключыць тэрыторыю Пішчалаўскага замка ў агульную гарадскую прастору, зрабіць яе часткай экскурсійнага маршруту па гістарычным цэнтры».