Стала вядома структура ўгоды па Прыёрбанку
Прыёрбанк апублікаваў справаздачнасць за 2024 год. З яе Office Life даведаўся, колькі зарабіў найбуйнейшы прыватны банк Беларусі і як была структураваная ўгода па продажы мажарытарнага пакета акцый банка.
Фота: priorbank.by
За 2024 год актывы Прыёрбанка павялічыліся на 6,2% — да 8,67 млрд беларускіх рублёў. Уласны капітал банка вырас на 30,2% — да 2,13 млрд рублёў. Рэнтабельнасць капіталу склала 22,8%, а рэнтабельнасць актываў — 5,6%.
Прыбытак банка павялічыўся ў паўтара раза — да 484,1 млн рублёў на фоне росту чыстых працэнтных даходаў і чыстага даходу па аперацыях з валютай.
Колькасць работнікаў Прыёрбанка за мінулы год вырасла з 1657 да 1737.
Галоўнай навіной ад крэдытнай установы ў мінулым годзе стаў выхад аўстрыйскага Raiffaisen Bank International са складу акцыянераў Прыёрбанка. Каментуючы здзелку, старшыня праўлення RBI Ёган Штробль назваў гэта «важным крокам у імкненні знізіць рызыкі прысутнасці ва Усходняй Еўропе».
Як вынікае са свежай справаздачнасці банка, адбылася змена бенефіцыярных уладальнікаў у асноўнага акцыянера Прыёрбанка — аўстрыйскай кампаніі Raiffeisen CIS Region Holding. Малавядомая кампанія Soven 1 Holding з ААЭ набыла 100% долю Raiffeisen CIS Region Holding і перайменавала яе ў S1 CIS Region Holding. Цяпер менавіта яна валодае 87,74% акцый Прыёрбанка.
Бенефіцыярам Soven 1 Holding з'яўляецца грамадзянін ААЭ. Яго імя не называецца.