«Традыцыйная жонка» — модны рух, якім захапілася моладзь
Пячы, прыбіраць, усміхацца і менш думаць пра кар’еру — такі лад жыцця становіцца ўсё папулярнейшым у сацсетках. Што характэрна для такіх жанчын і сем'яў?
Вобраз «традыцыйнай жонкі». Скрыншот відэа з тыктоку
У кадры — прыгожая кухня, на стале — пірог, побач гуляюць дзеці, а жанчына, акуратна прычасаная, усміхаецца ў камеру. У апісанні — хэштэг #tradwife. За апошнія гады ў Instagram і TikTok вырасла цэлая супольнасць жанчын, якія свядома адмаўляюцца ад кар’еры і выбіраюць «традыцыйную» ролю: быць хатняй гаспадыняй, «апорай мужа» і гадаваць дзяцей. Прычым мода на гэта закранула маладое пакаленне — зумераў і міленіялаў.
Тэрмін tradwife паходзіць ад англійскага traditional wife — «традыцыйная жонка». Ён апісвае жанчыну, якая свядома прытрымліваецца гендарных роляў, характэрных для сярэдзіны ХХ стагоддзя: быць добрай гаспадыняй, клапаціцца пра мужа і дзяцей, а галоўнае — не працаваць па-за домам.
Ідэі, што стаяць за tradwife, не з’явіліся з TikTok. Яшчэ ў 1963 годзе амерыканка Хелен Андэлін выдала кнігу Fascinating Womanhood («Захапляльная жаноцкасць») — своеасаблівы падручнік пра тое, як стаць «жаноцкай» і шчаслівай, аддаўшыся мужу. Кніга вытрымала шэсць перавыданняў і была прададзена накладам два мільёны асобнікаў.
Аднак сам тэрмін і рух tradwife з’явіўся ўжо ў інтэрнэце ў XXI стагоддзі. Сапраўдны рост папулярнасці адбыўся ў 2010-х: спачатку ў ЗША і Вялікабрытаніі, пасля — у Германіі, Францыі, Японіі. Падчас перадвыбарчай кампаніі Дональда Трампа ў 2016 годзе лозунг «Зробім Амерыку зноў вялікай» пераўтварыўся ў сацсетках у «Зробім хатніх гаспадынь зноў вялікімі».
Папулярнасць tradwife прыкметна ўзрасла падчас каранцінаў COVID-19, калі многія сем’і заставаліся дома, а жанчыны пераасэнсоўвалі сваю ролю ў сям’і. Сацыяльныя сеткі сталі галоўнай пляцоўкай распаўсюду — сёння ў TikTok тысячы ролікаў з тэгамі #tradwife, #feminineenergy, #homemaker.
Выгляд займае асаблівае месца ў гэтым руху. Многія «традыцыйныя жонкі» натхняюцца эстэтыкай 1950-х: прычоскі, міді-спадніцы, карсэтныя сукенкі, туфлі на абцасах, фартухі з валанамі. Іншыя аддаюць перавагу стылю modest fashion: доўгія закрытыя сукенкі, поўная адмова ад штаноў. Супольным застаецца адна рыса — максімальная жаноцкасць у выглядзе.
Некаторыя прыхільніцы руху прапануюць кулінарныя майстар-класы, вучаць, як правільна завіхацца па доме, даюць парады па стылі і прыгажосці, а таксама — як «рабіць мужа шчаслівым».
Ідэалогія руху звязаная з кансерватыўнымі каштоўнасцямі, часта блізкімі да евангелісцкіх і правых амерыканскіх колаў. Хаця многія «традыцыйныя жонкі» сцвярджаюць, што яны «апалітычныя», рыторыка «жаночай пакоры» і праслаўленне традыцыйнай сям’і добра ўкладаюцца ў палітычную праграму тых, хто выступае супраць сучаснага фемінізму.
Адны заяўляюць: «Мы жаноцкія, але не феміністкі». Іншыя — што іх выбар прысвяціць сябе дому і сям’і і ёсць праява фемінізму — бо гэта «свядомы выбар», у адрозненне ад 1950-х, калі жанчыны не мелі альтэрнатывы.
У ідэальным свеце tradwife муж зарабляе, жонка даглядае дзяцей, а сям’я — гэта святыня.
Крытыкі адзначаюць, што за эстэтыкай tradwife часта хаваецца добра вывераная пастаноўка. Ідэальныя пірагі, рэтра-сукенкі і пастэльныя інтэр’еры — не заўсёды адлюстраванне рэальнага жыцця. Многія вядомыя блогеркі руху фінансава забяспечаныя, маюць час і рэсурсы, каб падтрымліваць такі стыль. Для большасці жанчын ён недасяжны — але стварае адчуванне, што ты «не дацягваеш».
Іронія ў тым, што многія tradwives, якія называюць сябе хатнімі гаспадынямі, на самай справе — уплывовыя блогеркі і кантэнт-мэйкеркі. Яны здымаюць, мантажуюць, вядуць анлайн-бізнэсы, прадаюць курсы і зарабляюць. Гэта не «адмова ад працы» — гэта новая форма працы ў лічбавым свеце.
Але калі «традыцыйная жонка» — не стыль жыцця напаказ, а самой жанчынай прынятае рашэнне, адпаведнае яе ўнутраным жыццёвым устаноўкам, то гэта шчаслівы для сям'і выбар.
Чытайце таксама:
Хто такія інцэлы і ці іх агрэсія сапраўды стала праблемай