БЕЛ Ł РУС

Вучэнні «Захад-2025»: ці нападзе Расія на краіны Балтыі?

26.02.2025 / 8:0

Глафіра Жук

Сумесныя з Расіяй вучэнні «Захад-2025» пройдуць у сярэдзіне верасня. Сярод іх афіцыйных мэт — адпрацоўка абарончых і наступальных дзеянняў. Уладзімір Зяленскі заяўляў, што так Расія паспрабуе ўцягнуць у вайну Беларусь і будзе пагражаць краінам Балтыі. «Наша Ніва» пацікавілася ў польскага аналітыка Каміля Клысінскага, ці сапраўды, на яго думку, гэтыя вучэнні могуць стаць этапам падрыхтоўкі агрэсіі Расіі супраць краін Балтыі, як у выпадку з вучэннямі 2021 года, якія папярэднічалі нападу на Украіну.

Вайна ва Украіне. Фота: Wolfgang Schwan, Anadolu / Getty Images

Пакуль няма ніякіх перадумоў таго, што на краіны Балтыі можа рыхтавацца напад з боку Расіі і Беларусі, кажа аналітык. 

«Гэтыя вучэнні мэтанакіравана выкарыстоўваюцца, каб палохаць людзей, — тлумачыць Каміль Клысінскі. — Я б пакуль прытрымліваўся лічбаў, якія агучвае Мінабароны Беларусі. Не тое, што я давяраю беларускім уладам, яны не заслугоўваюць гэтага. Але ў гэтым выпадку агульная ацэнка і кантэкст падказвае, што гэта можа быць праўдай: каля 13 тысяч салдат з абедзвюх краін возьмуць удзел у гэтых вучэннях».

Аналітык кажа, што Расія і Беларусь хочуць правесці вучэнні, каб паказаць, што яны разам: саюз моцны і працуе. Асноўнай прыкметай магчымага нападу на краіны Балтыі можа быць напружанасць на мяжы. 

«Калі будзе расці хваля нелегальных мігрантаў, назапашвацца вялікія ваенныя сілы ля ўсходняй мяжы Беларусі, а потым гэтыя войскі будуць перакідвацца — гэта будзе самы жорсткі сігнал. 

Наогул я сумняваюся, што без спынення ваенных дзеянняў ва Украіне ў Расіі ёсць такія дадатковыя сілы, каб вялікае войска перакінуць у Беларусь, рыхтаваць дадатковыя асобныя напады на краіны Балтыі.

Але, вядома, у нейкай ступені ўсе гэтыя чуткі мэтанакіравана распаўсюджваюцца Мінскам і Масквой. Бо гэта не сакрэт, што яны ўжо доўга вядуць кагнітыўную вайну, займаюцца дэзынфармацыяй. І гэта ўжо ў добрых ці нядобрых традыцыях не толькі сучаснай Беларусі, але і Савецкага Саюза.

І Літва, і Латвія, і Эстонія застаюцца ў НАТА. Яны абароненыя, Пуцін гэта разумее. Яму гэта не трэба, яму патрэбны поспех ва Украіне», — падсумоўвае Клысінскі. 

Вучэнні «Захад-2021», у якіх удзельнічала больш за 200 тысяч вайскоўцаў, сталі адным з этапаў падрыхтоўкі агрэсіі Расіі супраць Украіны. Пасля вучэнняў расійскія вайскоўцы не пакінулі Беларусь, а ў лютым 2022-га ўвайшлі ва Украіну.

Чытайце таксама:

Стала вядома, калі ў Беларусі правядуць вучэнні «Захад-2025»

Трамп і Пуцін могуць дамовіцца пра спыненне агню да Вялікадня ці 9 мая

Паўночнакарэйскія ракеты, якія выкарыстоўвае Расія, сталі больш якаснымі

Каментары да артыкула