БЕЛ Ł РУС

Акцыі супраць прызнання выбараў Лукашэнкі прайшлі ў розных краінах

26.01.2025 / 22:15

Фота дыяспар, «Радыё Свабода», «Вясна»

Сёлетняя выбарчая кампанія прыходзіла ва ўмовах, калі сотні людзей знаходзяцца за кратамі за сваю палітычную пазіцыю. Выказацца супраць рэжыму Лукашэнкі — значыць трапіць пад рэпрэсіі. Выбары ў такіх умовах нельга лічыць свабоднымі.

Некалькі акцый ладзілі беларусы ў Польшчы. У Варшаве прайшоў марш з 330-метровым бел-чырвоным-белым сцягам.

У Беластоку беларусы з украінцамі правялі акцыю памяці герояў. У скверы Вольнай Беларусі, насупраць кансулята Беларусі, прайшла акцыя памяці тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і годнасць Украіны і Беларусі.

«Гэта толіка нашай даніны памяці тым беларусам якія загінулі за свабоду Украіны, за свабоду Беларусі, ваярам, якія сваёй крывёй змываюць ганьбу, ў якую цягне беларусаў рэжым. З вялікім гонарам, мы узгадалі загінуўшых і тых мужных беларусаў, якія са зброяй у руках змагаюцца побач з украінцамі», — кажуць удзельнікі акцыі.

Свой пратэст выказалі таксама беларусы ва Уроцлаве.

А ў Шчэціне правялі «забег прусакоў».

«У гэты дзень у Аўстраліі праводзяцца прусачыныя забегі. А «ўлады» Беларусі з гэтай нагоды вырашылі правесці свае. Бо выбарамі гэтае незразумелае штосьці назваць нельга. Адна толькі розніца: на бягах прусакоў у Брысбене пераможца заўчасна невядомы. А на беларускіх забегах прусакоў «пераможца» вядомы заўчасна», — іранізуе дыяспара.

У сталіцы Літвы Вільні таксама прайшла акцыя супраць прызнання выбараў. Падчас яе сімвалічныя бюлетэні з Лукашэнкам апусцілі ў шродар.

У Клайпедзе расказвалі пра сітуацыю ў Беларусі.

«Турма або выгнанне — гэта выпрабаванні на шляху незалежных кандыдатаў у прэзідэнты», — напісалі яны на плакатах па-літоўску.

На адзіночныя пікеты ці акцыі выходзілі таксама беларусы ў Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Украіне, Чэхіі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула