Марат Маркаў: ДзяржСМІ вызваліліся ад людзей з «ідэалагічнай разгубленасцю»
Будзе правільна, калі чалавек з меркаваннем, альтэрнатыўным дзяржаўнаму, не будзе «карміцца з дзяржаўнай кішэні», адзначыў кіраўнік Мінінфарма.
Марат Маркаў. Фота: Белтэлерадыёкампанія
Рэдакцыі дзяржаўных СМІ ў асноўным пазбавіліся ад тых людзей, якія схільныя мяняць сваё меркаванне наконт палітыкі, што праводзіцца ў Беларусі, і да прэзідэнцкіх выбараў 2025 года падыходзяць больш устойлівымі і прафесійнымі, пра гэта заявіў міністр інфармацыі краіны Марат Маркаў у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь-1».
Паводле яго слоў, школа, якую давялося прайсці падчас пратэстаў апазіцыі падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і пасля гэтых падзей, шмат чаму навучыла.
«Людзі, у якіх было слізгуючае ідэалагічнае выхаванне, якія сёння кажуць адно, а заўтра могуць казаць абсалютна іншае, і гэта называецца «я стаў відушчым, я разабраўся»… ад такіх людзей у большасці вызваліліся», — сказаў Маркаў.
Міністр інфармацыі адзначыў, што прынамсі будзе сумленна, калі той, хто мае альтэрнатыўнае дзяржаўнаму меркаванне, не пойдзе «карміцца з дзяржаўнай кішэні» і стане зарабляць грошы сваім розумам і працай.
Маркаў паведаміў, што дзяржава выдзяляе дастаткова сродкаў для развіцця інфармацыйнай сферы ў Беларусі. І ва ўмовах разгорнутай супраць краіны інфармацыйнай вайны не могуць сабе дазволіць «проста інфармаваць ці проста забаўляць».
«Нават у забаўляльны праект можна ўсунуць столькі правільных пасылаў і ідэалогіі, што ён будзе фармаваць светапогляд так, як трэба для таго, каб краіна квітнела і развівалася. І наадварот — закласці столькі мін пры жаданні, якія будуць спрыяць таму, каб асновы грамадзянскай супольнасці і дзяржавы пахіснуць», — падкрэсліў міністр інфармацыі.
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Марата Маркава міністрам інфармацыі 13 чэрвеня. Да гэтага Маркаў з 2017 года ўзначальваў тэлеканал АНТ, куды прыйшоў з «Белтэлерадыёкампаніі», дзе працаваў намеснікам старшыні.
Чытайце таксама:
Марата Маркава прызначылі міністрам інфармацыі
Маркаў: Рэвалюцыі ў Мінінфарме не будзе
Лукашэнка расказаў, што Маркава ўгаворвалі быць міністрам інфармацыі
Лукашэнка расказаў, што пад выбары выдаткаваў на прапагандыстаў «немалыя грошы»